ФК "Нёман": Не верым, што наш заўзятар лаяўся матам
Гродзенскі футбольны клуб "Нёман" заступіўся за свайго фаната, затрыманага падчас матчу зборных Беларусі і Македоніі. Як паведамляла Еўрарадыё, інцыдэнт адбыўся 12 кастрычніка ў Барысаве. Міліцыянты вывелі з фанацкага сектара трох заўзятараў, якія сядзелі ў шаліках з "Пагоняй".
Незадавальненне інцыдэнтам выказала Беларуская федэрацыя футбола. Яе кіраўніцтва паабяцала разабрацца ў інцыдэнце.
Тым часам кіраўнік прэс-службы УУС Мінаблвыканкама Аляксандр Данільчанка заявіў, што заўзятараў нібыта затрымалі за лаянку і непадпарадкаванне міліцыі. Па яго словах, шалікі з нацыянальнай сімволікай зусім ні пры чым.
Словам міліцэйскага прадстаўніка не паверыў футбольны клуб "Нёман" і размясціў заяву на сваім афіцыйным сайце. Адзін з затрыманых заўзятараў — фанат "Нёмана" Віталь Будзько. Яго, дарэчы, сёння ў Барысаве паспелі ўжо асудзіць і аштрафаваць на 1 млн 800 тымяч рублёў.
ФК "Нёман" адзначае, што Будзько з'яўляецца заўзятарам ўжо больш за 30 гадоў, падтрымлівае каманды, як на хатніх матчах, так і на выездзе. Ён удзельнічаў у стварэнні афіцыйнага фан-клуба гродзенскага "Нёмана". "У футбольным клубе, а таксама ў асяроддзі актыўных заўзятараў яго добра ведаюць і могуць ахарактарызаваць толькі са станоўчага боку. Яго інтэлігентнасць і добрае выхаванне не дазволілі б яму апусціцца да нецэнзурнай лаянкі", — зазначаюць у ФК "Нёман".
Фота: fcneman.by