Freaky Summer Party 2015: Яшчэ лепш, чым заўсёды
У суботу, 25 ліпеня, Камсамольскае возера ператворыцца ў вялікі арт-пікнік.
25 ліпеня на востраве ў Камсамольскім возеры адбудзецца арт-пікнік Freaky Summer Party 2015. Сёлета яго складуць тры сцэны, дзіцячыя і адукацыйныя пляцоўкі, каля 50 кропак з актыўнасцямі. Апроч таго, чакаюцца маркет, гандлёвыя кропкі з ежай і напоямі, разнастайныя гульні, арт-інсталяцыі, стрыт-арт і г.д.
“Гэта будзе найлепшы дзень лета ў Мінску, — абяцае арганізатар Дзяніс Трусіла. — Мерапрыемства абяцае быць яшчэ больш жыццярадасным, чым у мінулым годзе, і мы хочам сабраць самую пазітыўную аўдыторыю Мінска”.
Кажуць, за музычную частку сёлета адказны сам Аляксандр Багданаў (Papa Bo), таму яна мусіць уразіць добрай якасцю і цікавымі выканаўцамі. Тут выступіць нідэрландскі музыка Tom Tukker, расійскі эксперыментатар Антон Маскеліядзэ — ён стварае музыку з дапамогай жэстаў і тэхналогіі leap motion, а таксама літоўскі артыст Маркас Палубенка, знаёмы ўжо беларускай публіцы. Апроч таго ў праграме Groosha, Mustelide, Cherry Vata + 13 DJ's.
У секцыі Edutainment традыцыйна будуць весціся разумныя размовы. Гэтым разам наконт гарадскога бізнесу і урбанізацыі. Сярод спікераў — арт-дырэктар студыі Лебедзева Яркен Кагараў, уладальнік "FIRM", "БЕССОННИЦА" і шмат чаго яшчэ Аляксей Садавы, гарадскія блогеры Антон Матолька і Андрэй Эзерын.
Арт-пікнік будзе працаваць з 12.00 да 22.00.