Гандлярам-іпэшнікам далі палёгку: 1 сакавіка праверак і санкцыяў не будзе
Прадпрымальнікі маюць шанец распрадаць рэшткі тавараў, на якія яны не мелі дакументаў паводле новых правілаў.
Індывідуальным прадпрымальнікам, якія гандлююць легкапрамысловымі таварамі без патрэбных дакументаў на іх, далі яшчэ адну адтэрміноўку. 1 сакавіка іх паабяцалі не правяраць і не караць за невыкананне новых правілаў. Адпаведна, яны змогуць працаваць па старых правілах да ўвядзення новага ўказа. Пра гэта журналістам паведаміў намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Круты, інфармуе БЕЛТА.
Паводле ўказа №222, які выйшаў у траўні мінулага года, з 1 сакавіка сёлета ў гандляроў-прадпрымальнікаў выбягаў тэрмін, у часе якога яны маглі распрадаць рэшткі адзення, абутку ды іншых лёгкапрамысловых тавараў, якія ўвезлі з краін Мытнага саюза без пацвярджальных дакументаў.
Як запэўніў намеснік міністра эканомікі, ад заўтрашняга дня для прадпрымальнікаў не будзе ніякіх санкцыяў — іх не будуць правяраць і штрафаваць за адсутнасць дакументаў на тавар. “Усе могуць працаваць у спакойнай абстаноўцы”, — сказаў Дзмітрый Круты.
З яго словаў, пазаўчора кіраўнік краіны даручыў неадкладна вырашыць гэту праблему і цяпер эксперты Мінэканомікі сумесна з прадстаўнікамі бізнес-саюзаў распрацоўваюць праект канчатковага нарматыўна-прававога акту, які павінен вырашыць гэтыя праблемы.
На "Жданах" са зніжкамі распрадаюць не толькі тавар, але і гандлёвыя кропкі
З 1 сакавіка некаторых ІП у Беларусі чакае штраф — да 9 млн рублёў
Ці праўда, што прадпрымальнікі масава адмаўляюцца ад працы на рынках