Генпракуратура: 1,5 тысячы чалавек пакараныя няправільна

1,5 тысячы чалавек былі няправільна прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці ў Беларусі. Такія звесткі агучыла Генпракуратура па выніках 9 месяцаў 2009 года. Як адзначае "Ежедневник", органы пракуратуры найперш выяўляюць парушэнні пры складанні пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні. Былі выяўленыя факты прыцягнення да адказнасці невінаватых асобаў і тых, хто здзейсніў малазначнае правапарушэнне.

Напрыклад, жлобінскім судом была аштрафаваная на 2 млн 450 тысяч рублёў мясцовая жыхарка, якая на пероне чыгуначнага вакзала прадала цацку за замежную валюту — 30 расійскіх рублёў.

Генпракуратура, не аспрэчваючы правільнасць кваліфікацыі дзеянняў жанчыны, паставіла пытанне пра яе вызваленне ад адміністрацыйнай адказнасці за малазначнасцю здзейсненага правапарушэння. Было ўлічана, што жыхарка Жлобіна — пенсіянерка, атрымлівае толькі 350 тысяч пенсіі і раней да адміністрацыйнай адказнасці не прыцягвалася. Вярхоўны суд пратэст Генеральнай пракуратуры задаволіў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі