“Гэта канфіскаваны тавар без нічога. У нас няма ні сертыфікатаў, ні гарантый”
"Дакумент уводзіцца не з мэтай некага ўдушыць, запужаць і заблытаць, а з мэтай абароны жыцця і здароўя чалавека, а таксама для папярэджання дзеянняў, якія ўводзяць у зман спажыўца прадукцыі”, — так тлумачыць прадпрымальнікам сэнс сертыфіката якасці намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч.
“Гэта ж канфіскат! У нас няма ні сертыфікатаў, ні гарантый. Гэта канфіскаваны тавар без нічога. Абмену і вяртанню не падлягае. І гэта ваша права яго браць ці не браць", — так кажуць Еўрарадыё на касе адной з крамаў канфіскату ў цэнтры Мінска.
Ужо месяц індывідуальным прадпрымальнікам забаронена гандляваць без сертыфікатаў якасці. Маўляў, толькі такім чынам можна абараніць правы пакупнікоў.
Крамы канфіскату, якія, па ідэі, таксама мусяць гандляваць згодна з Пагадненнем аб адзіных прынцыпах і правілах тэхнічнага рэгулявання ў Рэспубліцы Беларусь, Казахстане і Расійскай Федэрацыі, прадаюць частку тавараў без сертыфікату адпаведнасці.
Прыпёршы да сцяны прадпрымальнікаў, дзяржава не бачыць парушальнікаў Тэхнічнага рэгламенту ЕАЭС?
Тлумачачы Еўрарадыё схему працы з сертыфікатамі, таваравед "Канфіскату" супярэчыць сама сабе:
"Тое канфіскаванае, што сертыфікуецца, натуральна, падлягае сертыфікацыі і сыходзіць на рэалізацыю з сертыфікатамі. Ёсць пералік маёмасці, якая падлягае сертыфікацыі. Гэта дзіцячы абутак і вопратка, прадукты харчавання, парфумерыя, тавары асабістай гігіены, тэхніка. Вопратка для дарослых не сертыфікуецца, таму прадаецца без сертыфікатаў... Мы ж дзяржаўнае прадпрыемства, мы ж не ІП ці прыватныя прадпрыемствы, якія раней маглі гандляваць без сертыфікатаў. Мы не маем права гандляваць без сертыфікатаў — тавар праходзіць некалькі этапаў, ад таможні да складоў і рознічнай сеткі. Усё, што мы прадаём, сертыфікаванае і мае дакументы. Несертыфікаваным таварам мы не гандлюем. Усё ў нас нармальна".
На самой справе, вопратка і абутак для дарослых у канфіскатах не сертыфікуецца, у іпэшнікаў жа мусіць мець адпаведны дакумент.
У Дзяржаўным камітэце па стандартызацыі Еўрарадыё тлумачаць, што па тэхнічным рэгламенце ЕАЭС, лёгкая прамысловасць можа падлягаць як сертыфікацыі, так і дэклараванню адпаведнасці прадукцыі. Сертыфікаты патрэбныя на дастаткова невялікую групу прадукцыі, у асноўным, гэта вырабы так званага “першага слоя”, якія маюць непасрэдны кантакт з целам чалавека. Уся астатняя прадукцыя лёгкай прамысловасці падлягае дэклараванню адпаведнасці.
У міжнародным пагадненні ЕАЭС ёсць пункт, па якім ўся прадукцыя, якая прадаецца на тэрыторыі Мытнага саюза, павінна прайсці неабходныя працэдуры ацэнкі.
“Прадукцыя, у дачыненні да якой прыняты тэхнічны рэгламент (тэхнічныя рэгламенты) Мытнага саюза, выпускаецца ў абарачэнне на мытнай тэрыторыі Мытнага саюза пры ўмове, што яна прайшла неабходныя працэдуры ацэнкі (пацвярджэння) адпаведнасці, устаноўленыя тэхнічным рэгламентам (тэхнічнымі рэгламентамі) Мытнага саюза”.
Выходзіць, што крамы канфіскату маюць нейкі асаблівы статус, раз гэтыя правілы іх не тычацца?
З Беларускім дзяржаўным інстытутам метралогіі ў Еўрарадыё атрымліваецца кароткі дыялог:
Еўрарадыё: Патлумачце, калі ласка, чаму ІП патрэбныя сертыфікаты на продаж вопраткі і абутку для дарослых, а крамам-канфіскатам — не?
БелГім: Без каментарыяў!
Тым часам намеснік кіраўніка ўпраўлення арганізацыі гандлю і паслуг Мінгандлю Андрэй Мяшкоў на Форуме прадпрымальнікаў кажа, што ў Беларусі не дапускаецца рэалізацыя тавараў без дакументаў аб бяспецы і якасці. Маўляў, умовы ва ўсіх роўныя. Канфіскаты будуць працаваць на тых жа правілах, што іпэшнікі?
Фота: vash-vybor-minsk.tam.by