“Гэта нагадвала фільм “Піяніст”: як беларус дапамагаў падчас паводкі ў Польшчы
Наступствы паводкі
У сярэдзіне верасня краіны Цэнтральнай Еўропы сталі ахвярамі моцнай паводкі. Паводле папярэдніх звестак, толькі ў Ніжнесілезскім і Сілезскім ваяводствах Польшчы пашкоджана каля 10 тысяч дамоў.
Еўрарадыё паразмаўляла з беларусам Антосем (імя змененае), які жыве ў Вроцлаве. Ён дапамагаў і ў самім горадзе, і ў пацярпелых ад вялікай вады мястэчках.
— Як усё пачалося?
— На пачатку я, калі б мне не сказалі мясцовыя ў Вроцлаве, можа, і наогул бы ўсё прапусціў. Але пазней я бачыў паведамленні ў сацсетках, навінах. Бачыў, як людзі палохаліся, асабліва ўладальнікі крамаў, якія працавалі яшчэ ў 1997 годзе. Яны казалі, што тады быў жах. Я ж быў упэўнены, што ўлады Польшчы зрабілі высновы і падрыхтаваліся.
— Як ты даведаўся, што патрэбная дапамога ў меншых гарадах?
— Было жаданне зрабіць нешта. Тут ёсць суполка беларусаў Вроцлава. З яе дапамогай я далучыўся да чату валанцёраў. І там была прапанова паехаць у Клодзка.
Паехалі туды, бо паведамлялася, што горад найбольш пацярпеў. Мы праязджалі праз Лёндэк-Здруй. У мяне ўражанне, ён самы пацярпелы з усіх, дзе мы былі. Там мы запыталіся ў цэнтры, ці патрэбная дапамога. Рук хапала, то нас скіравалі ў Тшэбавіцы. Самая жудаснае, што там было — знесеныя будынкі, цалкам разбураныя дамы.
— Што гэта вам нагадвала?
— Я нічога падобнага ў сваім жыцці не бачыў. Гэта нагадвала гістарычны фільм, калі паказваюць еўрапейскія гарады пасля бамбёжкі, напрыклад, “Піяніст”. Нешта сюррэалістычнае: калі ты бачыш, што кавалка дарогі ўвогуле няма, проста не існуе, але ён павінны быць, ці калі ты бачыш дом, а ад яго застаўся толькі дах, сцен няма. Месцамі ты бачыш толькі фундамент, дома таксама няма. Цэлыя горы смецця. Усё выглядае жахліва.
— Як мясцовыя рэагавалі на вас?
— Побач са мной працавалі і беларусы, і ўкраінцы. Палякі былі намі зацікаўленыя. Сітуацыя такая, што мала замежнікаў, якія могуць на зразумелым узроўні паразмаўляць з палякамі. А калі ты нармальна размаўляеш, то зацікаўленасць да цябе захоўваецца і пачынаюцца дадатковыя пытанні.
Пыталіся, чаму прыехалі і бяром удзел. Потым размовы зводзіліся да палітыкі.
— Як вы адказвалі на пытанне, навошта паехалі?
— Вельмі проста: па-першае, я тут жыву. Па-другое, маю магчымасці і здольнасці.
— Што менавіта вы рабілі на месцы?
— Трэба было дапамагчы вывезці рэчы, навесці парадак на двары. Хтосьці прыбіраў унутры дома. Залежала ад таго, як пашкоджаны дом.
За тыдзень я быў у трох месцах. У першым доме мы проста перанеслі дровы. У другім гаспадара забіралі з даху, і мы працавалі ўвесь дзень: спрабавалі адмыць некаторыя рэчы, вывезці на склад, каб нешта ўратаваць. У трэцім доме прыехалі сваякі, было шмат людзей: частка прыбірала ўнутры, а частка — у двары.
— На вашую думку, як шмат часу зойме аднаўленне гарадоў пасля вады?
— Гэта будзе залежыць часткова ад людзей, часткова ад улады. Але я ведаю чалавека ў Тшэбавіцах, які пацярпеў больш за ўсіх. Ён меў майстэрню, склад, дом — усё знішчана. Ён другі раз у сваім жыцці трапіў у такую паводку. Сказаў, што будзе прадаваць і з’язджаць.
Калі казаць пра іншых, то пакуль будынкі прасохнуць… З некаторых трэба будзе толькі адкачаць ваду, у некага будынкі былі ўжо прыбраныя. Цяжка сказаць.
Я пытаўся ў мясцовых наконт кампенсацыі ад дзяржавы, але пра гэта яшчэ дакладна не вядома. Зразумела, што пакуль не да гэтага. Галоўнае, каб там не пачалася эпідэмія: трэба прыбраць бруд, вывезці з вуліц смецце, каб людзі маглі спакойна жыць і працаваць далей.
— Што вас уразіла за гэты тыдзень?
— Чым я дакладна ўражаны, дык колькасцю добраахвотнікаў, узроўнем дапамогі дзяржавы. Прычым відаць, што гэта не прымусова. Гэта кідаецца ў вочы.
Былі нейкія людзі, якім загадалі, — напрыклад, кадэтам вайсковых вучылішчаў. Вайскоўцаў я бачыў толькі ў Лёндку. Уразіла адданасць людзей, прычым і ў Вроцлаве, і ва ўсёй Польшчы. Як людзі рыхтаваліся, як дапамагалі адно аднаму, асабліва калі параўнаць з Беларуссю.
Больш скажу: я памятаю, што была паводка на Палессі, былі здымкі. Але ў Мінску пра гэта ведалі хіба што з навінаў, і ў тых усё асвятлялася павярхоўна. Тут іначай. Бо ў Тшэбавіцах я сустрэў людзей з Вроцлава, якія самі вырашылі прыехаць і дапамагчы. Вельмі адрозніваецца асвятленне падзеяў і рэакцыя людзей на гэта.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.