Глеб яшчэ не вырашыў, застанецца ў БАТЭ ці паедзе за мяжу
Вядомы беларускі футбаліст Аляксандр Глеб яшчэ не вырашыў, застанецца ў БАТЭ ці паедзе гуляць за мяжу. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю газеце "Прессбол".
Паводле слоў Глеба, у яго "прапановаў хапае" і трэба зрабіць выбар. Але з ім ён не спяшаецца, хоча адпачыць ды параіцца "з сям'ёй, з бацькамі". "Прымем рашэнне пасля Новага года", — сказаў футбаліст.
Глеб ведае пра нядаўняе выказванне кіраўніка праўлення ФК БАТЭ Анатоля Капскага. У інтэрв'ю тэлеканалу СТБ (гл. відэа) ён сказаў, што Глеб "з аднолькавым настроем і жаданнем павінен выходзіць на "Баер" і "Граніт", "Рому" і "Крумкачы". Калі гулец выглядае "серединка на половинку", у яго нічога не выйдзе і ў еўракубках летам-восенню. Паўтаруся: калі Глеб жадае застацца ў Барысаве, ён павінен адпавядаць патрабаванням, якія прад'яўляюцца да любога іншага футбаліста. Нават гульцу найвышэйшага еўрапейскага ўзроўню, якім, безумоўна, з'яўляецца Аляксандр, трэба паважаць наш чэмпіянат".
"Анатоль Анатольевіч Капскі слушна сказаў... Усё ж такі гэта праца. Трэба з павагай ставіцца да чэмпіянату Беларусі. І працаваць на 100%", — сказаў Аляксандр Глеб.
Нагадаем, футбаліст у БАТЭ гуляў у 1999-2000 і 2012-2013 гадах. Сёлета ён зноў вярнуўся ў каманду, удала правёў некалькі матчаў у Лізе чэмпіёнаў. Глебу 34 гады. Ён паспеў пагуляць у "Штутгарце", "Арсенале" і "Барселоне".
Фота: БЕЛТА