Год таму ў гэтым горадзе бежанцаў было больш, чым мясцовых. Як ён жыве цяпер

"Я не ведаю ў горадзе ніводнага чалавека, які б не дапамагаў" / калаж Улада Рубанава, Euroradio
"Я не ведаю ў горадзе ніводнага чалавека, які б не дапамагаў" / калаж Улада Рубанава, Euroradio

Пшэмысль — апошні мірны горад на дарозе да польска-ўкраінскай мяжы. За Пшэмыслем — вайна.

Год таму сюды прыязджалі валанцёры з усіх краін свету. Французы варылі для ўкраінскіх уцекачоў польскі суп "журэк", амерыканцы вышуквалі для іх жыллё на Airbnb.

Год таму ўкраінцы прыязджалі сюды "на пару дзён": з адной торбай і надзеяй хутка вярнуцца дадому. Зараз многія прыязджаюць з валізкамі, але без надзеі. Іх гарады акупаваныя — або дэакупаваныя. У абодвух выпадках гэта значыць, што іх дамы, хутчэй за ўсё, разбураныя.

Карэспандэнтка Еўрарадыё выправілася ў Пшэмысль, каб даведацца, як жыве маленькі горад, пра які год таму даведаўся ўвесь свет.

 

Вакзал Пшэмысля. Пятая платформа. "Я сябе больш шчаслівай не памятаю"

На вакзале Пшэмысля пяць платформаў. З першых трох цягнікі раз'язджаюцца па ўсёй Польшчы. Чацвёртая і пятая — для цягнікоў ва Украіну.

Каля 9 раніцы цягнік адсюль з'едзе на Кіеў, а па дарозе спыніцца ў Львове. Кіеў нядаўна бамбілі, і ўсё роўна ў чарзе на платформе дзясяткі чалавек — і нейкае радаснае ажыўленне. Звяраю свае адчуванні з украінцамі.

Гэта праўда. Людзі па тры гадзіны стаяць, іх немагчыма з чаргі выгнаць, немагчыма ўгаварыць прысесці. Так ім хочацца хутчэй дадому. Камусьці страшна — але ўсё роўна дадому, усё роўна з лёгкім сэрцам, — расказваюць валанцёры.

Год назад в этом городе беженцев было больше, чем местных. Как он живёт теперь
Валанцёрскі пункт на вакзале Пшэмысля / Euroradio

— Цягнікі ідуць перапоўненыя. Нават на Запарожжа. Некаторыя едуць упершыню паказаць дзяцей сваім мужам. Бо колькі дзетак нарадзілася ўжо ў Польшчы, іх бацькі не бачылі ні разу. Бачылі толькі сваіх цяжарных жонак на вакзале.

Нядаўна гэткай жа шчаслівай была Вольга — яна ехала дадому ў Адэсу. З ёй сын Кірыл і іх ёркшырскі тэр'ер Бэла. Праз некалькі дзён Волі давядзецца пачаць доўгае лячэнне ў дацкай бальніцы. Яна вырашыла, што калі перад гэтым убачыць Адэсу, лячэнне пойдзе хутчэй.

Калі ехала дадому, гэта быў такі адрэналін! Я сябе больш шчаслівай не памятаю. Заязджаеш ва Украіну — усюды гэтыя пасты з надпісамі "Україна вітає вас!". А яшчэ і вясна — усё такое прыгожае, усё квітнее! Так хацелася даўжэй пабыць, але патрапілі на сірэны. Усе ночы, што былі дома, — сірэны без перапынку, "бабахі".

Год назад в этом городе беженцев было больше, чем местных. Как он живёт теперь
Джэй з'ездзіў дадому, забраў сабаку, падпісаў дакументы на звальненне — і вярнуўся валанцёрыць / Euroradio

Праз пару тыдняў ён вярнуўся дадому, у ЗША, схадзіў у офіс — і зразумеў, што больш не можа слухаць пра важныя працоўныя задачы, якія ставіць яму кіраўніцтва. Важныя задачы Джэя засталіся тут, на польска-ўкраінскай мяжы.

Ён звольніўся — і зараз курыруе працу шэлтара, які падтрымлівае амерыканская дабрачынная арганізацыя Alight. Гісторыю Джэя можна пачытаць тут.

У шэлтары грае музыка, на кухні завіхаецца над абедам кухар — валанцёр з Калумбіі. На сценах — дзіцячыя малюнкі. Большасць дзяцей малюе вайну, некаторыя — сабаку Джэя.

— Памятаю відэа, на якім маленькая ўкраінская дзяўчынка спявае песню з мультыка "Frozen" — "Халоднае сэрца". Пасля гэтага відэа ўсё, пра што я мог думаць, — мая сястра і яе дачка чатырох гадоў. Я думаў: калі яны калі-небудзь патрапілі б у такую сітуацыю, як тая ўкраінская дзяўчынка, хай бы побач апынуўся нехта, хто ім дапаможа.

І калі ўжо я паспадзяваўся, што хтосьці дапаможа маім блізкім, значыць, сам я павінны дапамагчы людзям тут. І вось я тут.

Спачатку Джэй валанцёрыў у лагеры, які разбілі ўнутры гандлёвага цэнтра. Тады, у першыя тыдні вайны, ён сустракаў 15-20 тысяч уцекачоў кожны дзень.

— Людзі прыязджалі з дзвюма маленькімі сумачкамі. Гэта ўсё, што ў іх было. Памятаю жанчыну з двума дзецьмі — аднаму каля пяці гадоў, другому — каля трох. Яна плакала. Я спытаў, што здарылася. Яна адказала: "Куды мне далей?"

Я сказаў: о, вунь там — кухня, вы можаце падсілкавацца. Вам трэба паспаць? Зараз я знайду для вас начлег. Яна адказала: не, не — куды мне далей? У якую краіну?

Яна працягвала плакаць, і я зразумеў, што яна не хоча рабіць выбар. Не хоча рабіць яго, таму што так баіцца зрабіць няправільны — для сябе і для дзяцей. Яна хацела, каб я зрабіў выбар за яе.

Што вы зрабілі?

Выбраў Швецыю.

 

Пакой у шэлтары. "Трымаем кулачкі, молімся і вельмі хочам дадому"

Калі мы сустрэліся з Джэем, у шэлтары жылі толькі тры сям'і. Разам з Вольгай і Кірылам іх стала чатыры.

Добридень!

Hi! Dobryden! — адказвае Джэй.

Ён праводзіць новапрыбылых у іх часовы пакой. У пакоі тры сцяны — і адна шырма замест чацвёртай.

Хочаш дапамагчы? — Джэй працягвае мне камплект аднаразовай пасцельнай бялізны.

А што ты будзеш рабіць пасля вайны? — пытаюся, запраўляючы коўдру ў аднаразовы накоўдранік.

Джэй не ведае.

Ведаю толькі, што ранейшае жыццё больш не падаецца важным, — адказвае Джэй, запраўляючы суседні ложак. — Не думаю, што змагу да яго вярнуцца.

Валанцёры заносяць у пакойчык клетку ў палову росту Кірыла — для Бэлы. У гэтай клетцы змясцілася б дзесяць такіх сабачкаў, як яна.

Глядзі, які ў цябе вялікі домік! Глядзі? — угаворвае Вольга, але Бэла рвецца вонкі.

Год назад в этом городе беженцев было больше, чем местных. Как он живёт теперь
Бэла і Кірыл / Euroradio

— Калі прыехалі ў Адэсу, дзіця прыйшло да бабулі на працу з кветкамі. Зрабілі ёй сюрпрыз. Мама так узрадавалася і так расхвалявалася, што мы затурбаваліся, каб не прыйшлося таблетку ёй даваць, — расказвае мне Вольга. Мы сядзім на ніжніх ярусах двухспальных ложкаў, адгароджаных шырмай ад астатніх жыхароў хостэла. Сякая-такая прыватнасць. — Так хацелася даўжэй пабыць дома — але кожны дзень сірэны. Дзіцёнак кажа мне: мама, у нас ракета за сем метраў ад вакна праляцела! Вядома, сямі метраў там не было. Проста ён спалохаўся, бо не паспеў прывыкнуць.

Мы з'ехалі летась у сакавіку — збераглі яго псіхіку. Людзі прывыкаюць. Мы ад гэтых сірэн дзве ночы не спалі, а яны ў сховішчы ўжо наогул не ходзяць. Дзеткі жартуюць: ды гэты выбух нястрашны, гэта наша СПА працуе! Але гэта ненармальна. Дзеці не павінны гэткага ведаць.

Год назад в этом городе беженцев было больше, чем местных. Как он живёт теперь
Вольга, Кірыл і Бэла ў шэлтары / Euroradio

Але для кагосьці з'ехаць — яшчэ страшней, чым так жыць. Мая сяброўка не змагла кінуць мужа. Ёй было прасцей прывыкнуць да абстрэлаў, але заставацца пад яго абаронай, чым афармляць "міжнародную абарону" ў нейкай чужой краіне.

Кірыл гуляе з Бэлай праз пруты клеткі. Спрабуе залагодзіць яе чымсьці смачным, але Бэла не паддаецца і патрабуе яе выпусціць. Кірыл здаецца і забірае яе на ложак.

Сын не хоча жыць у Даніі. Я ведаю сем'і, якія прывыклі, якія ўладкаваліся, хочуць застацца. А мы трымаем кулачкі, молімся і вельмі хочам дадому.

 

"І вайскоўцы ўгаворваюць: заставайцеся, тады нам будзе прасцей абараняць Украіну" 

— Я не ведаю чалавека ў Пшэмыслі, які б не дапамагаў, — кажа Ігар Горкіў, кіраўнік пшэмысльскага аддзялення Аб'яднання ўкраінцаў у Польшчы. Ігар нарадзіўся ў Польшчы, але ён этнічны ўкраінец і размаўляе са мной па-ўкраінску.

Мы размаўляем у вялізнай тэатральнай зале, абабітай дубовымі панэлямі. Год таму ў гэтай зале стаяла 80 ложкаў. 

Год назад в этом городе беженцев было больше, чем местных. Как он живёт теперь
Год таму гэтая заля была поўная ложкаў / Euroradio

— Памятаю, як тут на ложках сядзелі жанчыны з Крывога Рога і іншых усходніх гарадоў і казалі: мы на пару дзён. Мы хутка вернемся дадому. І іх угаворвалі: заставайцеся ў Польшчы, тут бяспечней. І вайскоўцы ўгаворваюць: заставайцеся, тады нам будзе прасцей абараняць Украіну.

Год таму быў момант, калі ў Пшэмыслі было больш уцекачоў, чым мясцовых жыхароў. Так, зараз такога няма, і ўсё ж кожныя суткі з Украіны прыязджае недзе паўтары тысячы чалавек. Мы гаворым з гэтымі людзьмі і ведаем: ім няма куды вяртацца.

Зараз пры аб'яднанні працуе хостэл. Кожны дзень у ім запоўнена 40-50 месцаў. Абеды для людзей гатуюць на невялікай куханьцы, тут жа, у будынку консульства. Украінка Аксана жыве ў Пшэмыслі 28 гадоў і працуе на гэтай кухні з першых дзён вайны.

— Сёння будзе суп з брокалі і макароны з падліўкай — такія, як спагеці. Меню я сама пішу на дзень наперад. Часам нам кажуць: людзі таго і таго не ядуць, таму што ва ўкраінцаў усё ж іншыя харчовыя звычкі. Ну, тады стараемся гэтага не варыць. Напрыклад, у Польшчы памідорны суп — гэта суп "нумар адзін". А ўкраінцам ён не падабаецца. Вось журэк часам варым, але таксама нячаста.

Год назад в этом городе беженцев было больше, чем местных. Как он живёт теперь
Аксана (злева) гатуе абеды для хостэла, у якім жывуць бежанцы з Украіны / Euroradio

— За год валанцёрства былі гісторыі, якія вас кранулі асабліва моцна?

— Не пытайце, калі ласка, пра гэта, бо я пачну плакаць.

За гэты год праз Пшэмысль праехалі сотні тысяч уцекачоў з Украіны. Засталіся тут толькі 8 тысяч — і гэта даволі шмат для гарадка з насельніцтвам у 60 тысяч чалавек.

— Але для горада гэта добра, — кажа Ігар Горкіў. — Раней у Пшэмысля была праблема: многія маладыя людзі выязджалі адсюль у іншыя гарады Польшчы. А зараз Пшэмысль стаў цэнтрам дапамогі Украіне.

Гэты год змяніў горад. Тут пабывалі сотні валанцёраў і журналістаў з розных краін свету — Мексікі, Бразіліі, Канады, Аўстраліі. Шмат людзей за гэты час убачылі невялікі гарадок Пшэмысль.

Я задаю Ігару тое ж пытанне, якое задавала Джэю і якое задам яшчэ многім іншым валанцёрам: якая дапамога патрэбная ўцекачам зараз? І ўсе яны адказваюць аднолькава: трэба ўсё тое ж, што і год таму. Нічога не змянілася — ні крызіс, ні вайна не скончыліся.

 

"Часам з багажу — адзін пакецік з дакументамі"

Наталля Варажко прыехала ў Пшэмысль мінулай вясной, але кожныя выходныя з'язджае дадому, ва Украіну. Яна жыве ўсяго за 14 кіламетраў ад мяжы, а працуе ў амерыканскай гуманітарнай арганізацыі Alight.

Alight дапамагае цывільным, якія пацярпелі ад вайны або стыхійных бедстваў. Раней Alight дапамагала краінам Азіі і Афрыкі. Упершыню дапамога спатрэбілася ў Еўропе. 

Зараз супрацоўнікі Alight працуюць у прыгожым мінімалістычным офісе недалёка ад вакзала. На сценах — фатаграфіі. Яны нагадваюць, што год таму праца была зусім іншай. 

Год назад в этом городе беженцев было больше, чем местных. Как он живёт теперь
Наталля паказвае, сколькі валанцёраў з узяго свету было ў Пшэмыслі год таму / Euroradio

— Тады многія арганізацыі працавалі тут у фармаце хуткай дапамогі. Патрэбныя коўдры? Едзем па коўдры. Патрэбна ежа? Едзем па ежу. Побач з намі працавалі валанцёры з усяго свету. 

Людзі тады ехалі праз Пшэмысль такія разгубленыя. Часам з багажу — адзін пакецік з дакументамі. І дзеці на руках.

Наша арганізацыя дапамагала ім здымаць часовае жыллё. Напрыклад, Германія кажа: мы гатовыя прыняць столькі чалавек. Але дзе іх размясціць? Alight давала грошы на браніраванне жылля на Airbnb. І людзі маглі бясплатна цэлы месяц жыць у гэтых арэндных кватэрах. 

Фінансаванне гэтага праекта скончылася ў жніўні, але пачалі працаваць з іншым — Uniting for Ukraine. Гэта дзяржаўная праграма, заснаваная Джо Байдэнам. Дзякуючы ёй украінцы маюць магчымасць на 2 гады выехаць у ЗША без візы. А ў офісе ў Пшэмыслі дапамагаюць купіць білет і знайсці жыллё і працу. 

— Людзі наважваюцца на такую паездку, бо не спадзяюцца вярнуцца?

— Бо ім няма куды вяртацца, — кажа іншая супрацоўніца арганізацыі, Наталля. — З'ехаць так далёка згаджаюцца толькі маладыя адзінокія людзі або поўныя сем'і. Але тыя сем'і, у якіх мужы, бацькі застаюцца ва Украіне, такія рашэнні прымаць негатовыя.

Сама Наталля з'ехала з дому мінулым летам. Яна з горада Сумы на ўсходзе Украіны. 

— Атрымліваецца, заспелі акупацыю? — падлічваю.

— У Сумы расіяне ўвайшлі ў першы ж дзень, але праз некалькі дзён іх выгналі з горада. Вобласць была акупаваная, але ў горадзе іх не было. У тым ліку дзякуючы таму, што мясцовыя аб'ядналіся і самі пачалі абараняцца. У кожнай вёсцы людзі арганізоўвалі патрулі, эвакуявалі сваіх жонак, калі расіяне падыходзілі блізка да вёскі. Ратавалі трактары, хавалі іх у лесе. Чаму трактары? Бо расіяне палілі ўсё, што бачылі. 

Праз мой раён яны прайшлі да Чарнігава, потым — да Кіева. А праз месяц прайшлі назад. Вельмі шмат гарадоў і вёсак разбітыя і дагэтуль не адбудаваныя. Хтосьці загінуў. Хтосьці знік і дагэтуль не знойдзены. 

Зараз на мяжы ўвесь час нешта адбываецца. Трывогі, дыверсіі, абстрэлы. Але акупацыі, дзякуй Богу, няма. 

 

Цягнік "Пшэмысль — Кіеў". "Бедныя людзі"

Вось-вось з пятай платформы адправіцца цягнік на Кіеў. Раней, чым памежнікі пачынаюць пашпартны кантроль, пачынаецца дождж. Ніхто не разыходзіцца, валанцёры разносяць дажджавікі. 

—  Бярыце-бярыце! А то адзенне прамокне, пакамечыцца. Прыедзеце, а людзі скажуць: што гэта? Гэта так у вашых Еўропах ходзяць? — смяецца суседка па чарзе.

Цягнік ужо прыгналі на рэйкі, дзесьці праз гадзіну ён перасячэ мяжу. Тэлефоны ва ўсіх, хто стаіць зараз у чарзе, зловяць украінскі "Вадафон".

— А вы часта дадому ездзіце?

— Другі раз за год. Часта нельга — могуць пазбавіць статусу дадатковай абароны. Але мне ката трэба вывезці. Пакінулі ў суседзяў старэнькага нашага. А шкада, яшчэ маленькім бралі. Дзевяць гадоў з намі пражыў. 

А вы — часта?

Год назад в этом городе беженцев было больше, чем местных. Как он живёт теперь
Чарга на цягнік "Пшэмысль — Кіеў" / Euroradio

Расказваю, што я з Беларусі. Жанчына, якая прапаноўвала мне дажджавік, выходзіць у Львове. Калі кажу пра Беларусь, яна ўспамінае:

— Мы ў першы дзень вельмі спалохаліся, што на наш Львоў з вашага Брэста танкі паедуць. Зусім жа блізка. 

А потым уздыхае і кажа:

— Бедныя людзі.

— Хто бедны? — перапытваю.

— Ну хто? Вы, беларусы. Бедныя людзі.

* * *
Адразу за Пшэмыслем — вайна. Львоў падаецца мірным горадам толькі тым, хто выязджае праз яго з цэнтральных і ўсходніх абласцей Украіны. Але першае, што бачыш на львоўскім вакзале, калі заязджаеш з Польшчы, — маладыя людзі ў вайсковай форме.

— Яны адтуль ці туды? — пытаю ў мясцовага.

— Зараз паглядзім.

Глядзіць.

— Туды. Бо гавораць ціха. Значыць, кантужаных няма. Адтуль прыязджаюць іншымі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі