Goo Goo Dolls працуюць над новым альбомам

Амерыканскія рокеры Goo Goo Dolls плануюць да канца гэтага года прадставіць на суд фанаў свой новы альбом. Зараз музыкі запісваюць матэрыял у Бафала, на сваёй уласнай студыі, якую толькі нядаўна поўнасцю ўкамплектавалі.

«Да запісу песень мы падыходзім як і патрэбна рок-гурту. Мы граем у студыі ўжывую і менавіта такое гучанне, а не стэрылізаваны саўнд, жадаем перадаць на дыску, - гаворыць франтмэн калектыву Джон Ржэзнік. – Мы рады, што нарэшце запісваемся ва ўласнай студыі і можам эксперыментаваць колькі заўгодна. Але ў гэтага медаля ёсць і адваротны бок – спакуса зацягнуць запіс, бо ніхто не стаіць над душой з гадзіннікам».

Па словах Джона, зараз у працы ідэі для 25 песень, з якіх плануецца ў выніку адабраць тузін. Новая пласцінка стане дзевятай у дыскаграфіі гурта. Апошнім на сённяшні дзень студыйнікам Goo Goo Dolls з'яўляецца «Let Love In».

Каб фаны не нудзіліся ў чаканні свежага лонгплэя, музыкі падрыхтавалі да рэлізу зборнік рарытэтаў «Greatest Hits Volume Two». Дыск будзе ўяўляць сабою камплект з CD і DVD, які з'явіцца ў музычных крамах 17 чэрвеня.

Фота: www.googoodolls.narod.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі