Грамадзянку Латвіі судзяць у Беларусі за "агентурную дзейнасць"
Ала Сакаленка на допыце, кадр з прапагандысцкага фільма
29 верасня ў Мінскім гарадскім судзе пачынаецца суд над 57-гадовай грамадзянкай Латвіі Алай Сакаленка. Яе вінавацяць у агентурнай дзейнасці (арт. 358-1 Крымінальнага кодэкса), пішуць праваабаронцы "Вясны". Жанчыне пагражае ад 3 да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Справу ў закрытым рэжыме будзе разглядаць Анастасія Папко.
Пра знікненне ў Беларусі грамадзянак Латвіі Алы Сакаленка і Дзіяны Бахмуты стала вядома напрыканцы сакавіка 2022 года. Пазней латвійскае МЗС паведаміла, што Бахмута вярнулася ў Латвію.
А Алу Сакаленка паказалі ў снежні 2022-га ў прапагандысцкім фільме на беларускім дзяржаўным тэлеканале. Там паведамлялася, што "Сакаленка па заданні латвійскіх спецслужбаў рыхтавала да вярбоўкі беларускіх вайскоўцаў, збірала даныя, стварала кампраментуючыя сітуацыі, якія потым і служаць падставай для вярбоўкі замежнікамі".
Грамадзянку Латвіі трымаюць пад вартай у беларускім СІЗА.
МЗС Латвіі заклікала сваіх суграмадзян не наведваць Беларусь паводле бязвізу, бо пасля гэтага, маўляў, рэзка вырасла колькасць затрыманых, а магчымасці Латвіі па аказанні консульскай дапамогі затрыманым — абмежаваныя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.