Groosha "Out Of Place"

Праект Groosha заявіў пра сябе адразу праз дэбютнік "Out Of Place", прадстаўлены, між іншым, на iTunes. Groosha — гэта беларуская спявачка-піяністка Анастасія Вертэль, якая нядаўна пераехала жыць у Н'ю-Ёрк. Але дыск пісаўся яшчэ ў Мінску пры дапамозе музыкаў гурта My Ocean, бубнача Паўла Ермачэнкі і басіста Міхаіла Марынічава. Руліў гукам Павел Чарняўскі, вядомы па працы з Botanic Project, Vicious Crusade і Дзмітрыем Калдуном. Потым Анастасія павезла кружэлку ў Амерыку. Там яе дарабілі абазнаныя саўнд-прадзюсары. Там жа Groosha пачала "катаць" альбом па мясцовых клубах.

LP "Out Of Place" складаюць 9 трэкаў, напісаных у стылі лёгкага, ненавязліва-дзявочага піяна-попа. У іх Groosha спявае пра каханне, надзею, закранае тэму барацьбы са смерцю ("Rabbit"). І гучыць гэта ўсё абсалютна не па-тутэйшаму. Калі б мы не ведалі, што Анастасія — гэта дзяўчына беларуская, і калі б не апошні “рускі раманс” "Vampire Opera" у духу класікаў эпохі рамантызму, прысвечаны Марыне Цвятаевай, ніколі б не падумалі, што Groosha хадзіла ў мінскую школку, гуляла ў мінскай пясочніцы і вучылася ў сталічным універы. Падумалі б, што гэта нейкая сяброўка Аўрыл Лавін ці Zaz.

Анастасія расла на брытанскай музыцы, скончыла лінгвістычны і зразумела на свядомым і падсвядомым узроўнях сакрэт стварэння музычнага трэнда. Яна адчула сусветную схільнасць да мінімалізму, і з густам і абсалютным пачуццём стылю ўпрыгожыла свае мілыя песенькі пад фартэпіяна лёгкай перкусіяй і басам. Нічога лішняга. Ніякіх дзюрак.

На пласцінцы Groosha цалкам удала падае свой прыемны голас, грае дынамічнымі адценнямі, вабіць трапнымі мелодыямі, гармоніямі і пройгрышамі. Усё ,з аднаго боку, проста з іншага — фірмова і смачна. Кожная песня "Out Of Place" — асобны аповед у агульнай гісторыі, якая адбываецца “па-за месцам”, але адбываецца ў свой час, менавіта тады, калі гэта актуальна. І гісторыю гэтую прыемна перажываць, яна лёгкая, як цёплы бадзёры дзень (“Apple A Day”), разважлівы(“Day Notice”) ці сцвярджальны (“Story Of Illusion”).

Ужо падчас запісу пласцінкі, якая ўзнікла “вельмі стыхійна”, Groosha зразумела, “што адбылося, і куды ёй рухацца далей”. І рушыла ў Н’ю-Ёрк, туды, дзе яе музыка наўрадці апынецца ў андэграўндзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі