Ханок выкрывае схему махінацый з запрашэннем расійскіх зорак на Дні горада?

Ханок выкрывае схему махінацый з запрашэннем расійскіх зорак на Дні горада?

Скандальна вядомы кампазітар Эдуард Ханок выкрыў схему махінацый з грашыма і запрашэннем замежных зорак падчас арганізацыі буйных святаў кшталту Дня горада. Вынікі свайго “расследавання” Ханок выклаў у лісце на імя Аляксандра Лукашэнкі. Гісторыя, якую “расследаваў” кампазітар, здарылася, па яго словах, у 2014 годзе ў Брэсце.

Эдуард Ханок: “Ансамбль Аляксандрава, з якім я супрацоўнічаю, папрасіў мяне, каб я арганізаваў ім паездку ў Мінск. Але, калі я займаўся гэтым, пісаў ліст на імя міністра культуры Беларусі, мы туды дадалі яшчэ і Брэст. Я хацеў зрабіць добрую справу гораду, у якім я вырас. Пытанні з запрашэннем ансамбля на святкаванне 70-годдзя вызвалення Беларусі ў Брэст былі мной узгодненыя ў Мінкульце Беларусі і Міністэрстве абароны Расіі. Але раптам мне патэлефанаваў рэжысёр свята і сказаў, што яны самі, яшчэ раней, запрасілі ў Брэст ансамбль Аляксандрава ― праз маскоўскую фірму. З ганарарам 12 тысяч еўра за выступ. А на маю заўвагу, што яны мусяць бясплатна працаваць, бо такія ўмовы, рэакцыі не было. А потым высветлілася, што гэтыя грошы, якія нібыта адрасаваныя ансамблю, атрымала наяўнымі заснавальнік гэтай маскоўскай фірмы Святлана Гарохава. Прычым, яна іх атрымала не як прадстаўнік фірмы і не на аплату выступу ансамбля Аляксандрава ці выкананай яе фірмай працы, а сама ― за тое, нібыта “падрыхтоўку ансамбля”. Карацей, ні за што”.

Справу па абвінавачванні ў махлярстве на заснавальніцу расійскай фірмы “Сцэна” Святлану Гарохаву завялі, але хутка і закрылі.

Ханок адмаўляецца разважаць на тэму выкарыстання выкрытай ім брэсцкай схемы “нямэтавага выкарыстання бюджэтных сродкаў” у іншых гарадах краіны падчас святочных канцэртаў, якія арганізоўваюць улады за бюджэтныя сродкі.

Але Еўрарадыё гэта тэма цікавіць даўно: як арганізоўваецца запрашэнне найперш расійскіх зорак і як праходзяць адпаведныя тэндары? Да прыкладу, знайсці тэндар на прывоз ансамбля Аляксандрава ў Брэст у 2014 годзе ў нас не атрымліваецца. Таму, ці быў ён увогуле, не вядома. Хаця тэндар на прывоз у Брэст на тыя ж святкаванні Бабкінай знаходзім лёгка – амаль 30 тысяч долараў.

А памятаеце нядаўні скандал з запрашэннем у Магілёў на святкаванне Дня незалежнасці Беларусі (ці дня горада) Алега Газманава і Аляксея Вараб’ёва? Паводле тэндараў, якія абвяшчала мясцовая філармонія на прывоз Газманава, Вараб’ёва і Лешчанкі, горад быў гатовы выдаткаваць 156600 рублёў. Што цікава, тэндар той так і не адбыўся, але Газманаў з Вараб’ёвым у Магілёве нейкім чынам усё адно апынуліся і выступілі. Вось толькі колькі ім у выніку заплацілі – мясцовыя чыноўнікі паведамляць адмаўляюцца.

Ханок: “Я лічу, што гэта маральнае і матэрыяльнае злачынства супраць дзяржавы. Трэба развіваць сваю эстраду. Асабліва на свята Дзень горада. Сваіх трэба браць і плаціць ім добрыя грошы ― каб яны хаця б на свята зарабілі. Лёгка запрасіць зорку, каб яна зрабіла нам ласку і выступіла пад фанаграму. Не, запрашаць можна, але з розумам. А калі ў Магілёве запрасілі адразу трох зорак і гатовыя былі ім заплаціць 84 тысячы еўра, то гэта ні ў якія вароты не лезе! Гэта я б таксама назваў “нямэтавым выкарыстаннем бюджэтным сродкаў”.

Магчыма, гэта змаганне Ханка зверне ўвагу кантралюючых органаў да таго, як, каго і за якія грошы запрашаюць на святочныя мерапрыемствы ў беларускіх гарадах. Хаця сам кампазітар пасля сустрэчы з кіраўніком Следчага камітэта выказаўся так: “Здаецца, я ім надакучыў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі