Хто перашкаджае МУС "працягнуць" закон аб гвалце ў сям'і

Фота: vmersine.com
Фота: vmersine.com

Некалькі гадоў у Беларусі абмяркоўваюць, але не могуць не тое што прыняць, а нават распрацаваць праект закона "Аб папярэджанні гвалту ў сям'і". У той жа час, штогод у міліцыю паступае да 100 тысяч званкоў з просьбай аб дапамозе.

Па статыстыцы, за 2017 год у Беларусі адбылося 87 забойстваў на глебе сямейна-бытавых адносін. Таксама органы ўнутраных спраў зафіксавалі 165 выпадкаў прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, 510 выпадкаў катавання, 923 пагрозы забойствам або збіццём... Сацапытанні сведчаць, што кожная чацвёртая беларуска сутыкаецца з гвалтам у сям'і. Але, нягледзячы на ​​жудасную статыстыку, у краіне няма дакумента, які б дакладна вызначыў, каго можна лічыць агрэсарам, як яго караць, і як працаваць з ахвярай. Чаму?

"Мы даўно хочам, каб быў закон. Але гэта залежыць не ад нас, — сцвярджае намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Алег Каразей. — Мы ініцыявалі яго распрацоўку і прыняцце. Ініцыіруем даўно, але толькі сёлета атрымалася усіх угаварыць разгледзець канцэпцыю законапраекта ".

Еўрарадыё: Каго і чаму даводзіцца ўгаворваць?

Алег Каразей: Шэраг дзяржаўных органаў прытрымліваецца пазіцыі, што ў нас ёсць закон "Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў". У ім змяшчаюцца механізмы, якія дазваляюць працаваць з праблемай і, маўляў, гэтага, у прынцыпе, дастаткова. На самай справе, пры наяўнасці паняцця, прымяненне мер недасканала. Вось і даказваем. На наступным тыдні вышлем канцэпцыю законапраекта ва ўсе дзяржорганы: Мінпрацы і сацабарона, Мінадукацыі, Міністэрства аховы здароўя, Генпракуратура, Вярхоўны суд — паглядзім, хто нас падтрымае, і як будуць развівацца падзеі. Калі ўсё хутка ўзгоднім, справа пойдзе.

Спецыяліст не стаў называць канкрэтнае ведамства, якое замаруджвае прыняцце закона. Але нагадаў, што яшчэ ўвосень Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне прадаставіць праект новага дакумента.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі