Агнястрэльныя раненні, падпалы жывога чалавека: Гарбунова пра хатні гвалт
Вольга Гарбунова
Сітуацыя з хатнім гвалтам у Беларусі моцна змянілася — і не ў лепшы бок, вынікае са словаў прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы АБ'яднанага пераходнага кабінета Вольгі Гарбуновай.
“У Беларусі ў гэтай сферы вялікія праблемы. Па-першае, амаль уся статыстыка па тэме схаваная, але, мяркуючы па сведчаннях людзей унутры Беларусі і па матэрыялах у СМІ, карціна хатняга гвалту ў краіне вельмі змянілася. Цяпер гэта і агнястрэльныя раненні, і падпалы жывога чалавека, аблітага бензінам, і шмат іншых жудасных здарэнняў. Нядзіўна, што звесткі пра такія выпадкі не публікуюцца ў афіцыйных крыніцах”, — кажа Гарбунова.
Яна нагадвае, што ў краіне дагэтуль няма спецыялізаванага закону аб хатнім гвалце. Да таго ж, у Беларусі ліквідаваныя недзяржаўныя арганізацыі, якія маглі аказваць дапамогу пацярпелым ад хатняга гвалту.
“Частка грамадства яшчэ жыве з думкай, што ёсць “дапушчальны гвалт”, які адбываецца за зачыненымі дзвярыма ў асобных сем'ях. З цягам часу ён перарос у маштабны палітычны гвалт. Упэўненая, што гвалт у турмах і хатні гвалт — узаемазвязаныя працэсы. У нас, ва ўсяго грамадства, наперадзе комплексная праца па іх спыненні і пераадоленні наступстваў”, — рэзюмуе Гарбунова.
Да выбараў 2020 года Вольга кіравала ў Мінску “Сховішчам” — гэта месца, дзе жанчыны, што сталі ахвярамі хатняга гвалту, маглі знайсці бяспечны прытулак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.