Хто сеў на шпагат паміж танкамі замест Аляксандра Саладухі
Тэлеканал "Беларусь 1" паказаў тызер праграмы "Спецыяльны рэпартаж", у якой спявак Аляксандр Саладуха сядае на шпагат паміж двума танкамі.
У карыстальнікаў сацсетак адразу ўзніклі сумневы ў тым, што артыст выконвае трук сам.
Па-першае, пры ўсёй павазе, Аляксандр Саладуха зусім не Жан-Клод ван Дам, які рабіў аналагічны трук на двух фурах Volvo. Напрыканцы студзеня музыка распавядаў у інтэрв'ю Еўрарадыё, што ён не баксёр і не качок:
"Раніцай стаю перад люстрам і займаюся аўтатрэнінгам: "Ты мусіш быць пастаянна ў форме". У залу не хаджу, гантэлі не цягаю, на трэнажор мяне хапіла на два месяцы, цяпер мы на ім бялізну сушым".
Па-другое, у відэа няма ніводнага агульнага плану, на якім бы Саладуха стаяў на шпагаце. А па розным палажэнні рук на розных кадрах шмат хто зрабіў выснову, што музыку дублюе каскадзёр:
Што кажа сам Аляксандр Саладуха?
Удзень 1 жніўня Аляксандр Саладуха хваліцца Еўрарадыё, што зрабіў трук сам. Маўляў, добрая расцяжка захавалася з юнацтва. Для таго, каб узнавіць навыкі і сесці на шпагат, хапіла некалькіх гадзін заняткаў са спецыяльным трэнерам.
Мы, натуральна, ведаем, што Саладуха — звышчалавек, але просім сесці на шпагат. Але музыка кажа, што цяпер няма часу, і просіць ператэлефанаваць праз некалькі гадзін.
Увечары адбываецца наступны дыялог:
— Аляксандр Антонавіч, куды да вас пад'ехаць, каб паглядзець на шпагат?
— Хлопцы, часу няма. Гэта ж некалькі гадзін трэба разагравацца, а ў мяне канцэрты, здымкі...
— Добра, але хаця б прозвішча трэнера, з якім працавалі, скажыце.
— Слухайце, ну гэта ж зусім іншая гісторыя! Глядзіце эфір — там усё будзе бачна.
У якога каскадзёра ў сацсетках ёсць фота з "Лініі Сталіна"?
Крыніцы Еўрарадыё сцвярджаюць, што сесці на шпагат Саладуху "дапамог" каскадзёр Дзяніс Блахін. Паўгода таму ён ужо здымаўся ў падобным роліку, толькі замест танкаў пад яго нагамі былі два агромныя БелАЗы.
У размове з Еўрарадыё Дзяніс Блахін не пацвярджае, але і не абвяргае, што дубляваў Аляксандра Саладуху: "Вы ж разумееце: такія праекты нельга раскрываць раней за вызначаны час".
Але апошняе фота на старонцы каскадзёра ў Facebook — якраз з "Лініі Сталіна". Менавіта там і здымалася відэа з трукам на танках.
Па словах каскадзёра, сесці на шпагат паміж двух БелАЗаў нашмат складаней, чым на ствалах танкаў:
"Уся справа ў руху і ў габарытах: танкі стаялі, а БелАЗы ехалі. І вышыня на БелАЗах была большая, і мароз — ногі стылі [здымкі адбываліся напрыканцы снежня. — Еўрарадыё]. То бок, шпагат ёсць, але мышцы ўсё роўна балелі з-за холаду. Я б сказаў, што трук на БелАЗах складанейшы, чым нават у таго ж Ван Дама, які, да таго ж, быў яшчэ і замацаваны на тросах.
Але, вядома, не ўсё проста і ў варыянце з танкамі. Па відэа бачна, што ствалы крыху калоцяцца. Гэта натуральна, танкі ж старыя. Таксама бачна, што боты слізгаюць па ствалах. На БелАЗах усё ж такі былі крапяжы для ног. Стаяць было адназначна зручней".
"Усё магчыма, калі маеш добрую фізічную падрыхтоўку"
Здольнасць Саладухі сесці на шпагат Дзяніс Блахін не каментуе. Але распавядае пра сябе:
"Не ведаю, як наконт "з нуля", але ўсё магчыма, калі маеш добрую фізічную падрыхтоўку і адчуванне раўнавагі. Бо яно "гуляе", яго трэба ўвесь час падтрымліваць і правяраць. А шпагат — гэта зразумела: ён ці ёсць, ці няма. Я некалі расцягнуўся, і ён у мяне ёсць заўжды. Я і цяпер магу паўтарыць трук. Умоўна кажучы, раніцай падняўся, разагрэўся крыху, пацягнуў ногі — і ўсё, я гатовы".
Аўтары роліка з Аляксандрам Саладухам на танках паабяцалі раскрыць падрабязнасці 10 жніўня ў 21:45. Што паробіш: відаць, давядзецца ўключыць "Беларусь 1".