Хто такі Дзяніс Мандзік, новы кіраўнік “Моладзі БНФ”
Увечары 25 верасня стала вядома, што Ганна Смілевіч, кіраўніца “Моладзі БНФ”, сыходзіць са сваёй пасады. Рада арганізацыі абрала новым кіраўніком Дзяніса Мандзіка, за яго прагаласавала 67% дэлегатаў.
Раней малады палітык амаль не трапляў у навіны і не даваў інтэрв’ю. Еўрарадыё паразмаўляла з Мандзікам і сабрала ў адкрытых крыніцах усё, што вядома.
Барысаўчанін
Дзяніс нарадзіўся ў 1999 годзе ў Барысаве, там пражыў амаль 17 гадоў. Пасля паступіў у Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і пераехаў у Мінск. Бацькі не звязаныя з палітыкай: маці працуе галоўным бухгалтарам, а бацька — галоўным інжынерам.
Колішні кіраўнік “Моладзі БНФ”, Юрась Лукашэвіч, таксама з Барысава. Хлопцы сябруюць ужо доўгі час.
Адукацыя
У 2017 годзе Мандзіка адлічылі з БДТУ. Тады ён пачаў шукаць варыянты, як атрымаць замежную адукацыю, не з’язджаючы з Беларусі. Такі варыянт знайшоўся ў Кіеве. Цяпер новы кіраўнік моладзевага крыла БНФ вывучае міжнародную эканоміку ў Нацыянальным авіяцыйным універсітэце Украіны.
Шлях да палітыкі — праз культуру
Мандзік далучыўся да “Моладзі БНФ” у другой палове 2015 года. Шлях да палітыкі пачаўся з беларускай музыкі і цікавасці да нацыянальнай культуры. Пошукі аднадумцаў і прывялі ў “Моладзь БНФ”. Як прызнаецца сам Дзяніс, гэта была першая арганізацыя, якая трапілася на вочы падчас пошукаў.
Абараняў Курапаты, дапамагаў арганізоўваць #БНР100
Праводзіў некалькі кампаній “Моладзі БНФ”. У 2016 годзе — за рэабілітацыю Ларысы Геніюш. Пазней выступаў за льготны праезд для студэнтаў, збіраў подпісы за пашырэнне ўжывання беларускай мовы на афіцыйным узроўні. Атрымліваў штрафы за збор подпісаў і абарону Курапат. Браў удзел у арганізацыі канцэрту да стагоддзя абвяшчэння Беларускай народнай рэспублікі.
Палітычныя погляды
Кансерватыўныя. Хлопец выступае за моцную і традыцыйную сям’ю, за вольную эканоміку і захаванне таго, што працуе добра. Стаўленне да ЛГБТ — нейтральнае. Як прызнаецца сам малады палітык, ён не хоча мець канфліктаў з гэтай супольнасцю.
Найлепшы беларускі чыноўнік
Сярод дзяржаўных — Сяргей Румас. Як распавёў Еўрарадыё Дзяніс, гэта “адзіны чалавек з усяго зброду, які яшчэ не паспеў сябе запляміць”, а таксама праводзіў кампанію “Мова. Музыка. Футбол” разам з “АртСядзібай”. Да таго ж, па мерках маладога палітыка, Румас — найбольш лаяльны чалавек да нацыянальнай культуры і людзей, якія не падтрымліваюць уладу.
З апазіцыйных — Янукевіч, Кастусёў, Севярынец.
Рэлігія
Новы лідар “Моладзі БНФ” лічыць сябе ўмерана рэлігійным чалавекам, але царкву не падтрымлівае.
Асабістае жыццё
Ходзяць чуткі пра раман Дзяніса Мандзіка і папярэдняй кіраўніцы “Моладзі БНФ” Ганны Смілевіч. Шмат на якіх мерапрыемствах яны з’яўляліся разам.
Палітычныя планы
Развіваць рэгіянальныя суполкі арганізацыі: “Наперадзе — дзясятак гарадоў”. Найбліжэйшыя кампаніі — “Білет на той свет” супраць прызыўнога войска, ў тым ліку з правядзеннем вулічных перфомансаў, а таксама “Школьная рэформа”.
Калі каротка, дык накірунак, зададзены былой кіраўніцай моладзевага крыла БНФ Ганнай Смілевіч, будзе працягнуты.