"І ніхто не захварэў!": як Качанава агітавала медыкаў за Лукашэнку
Некаторым схаваць іспанскі сорам не дапамагала нават медыцынская маска / Еўрарадыё
Наталля Качанава — спікер Савета Рэспублікі і давераная асоба Аляксандра Лукашэнкі на выбарах-2020 — сустрэлася з медыкамі. Ці лёгка агітаваць работнікаў сферы медыцыны галасаваць за дзейнага кіраўніка дзяржавы "ў часы ўсеагульнага каронапсіхозу"? Каб даведацца пра гэта, карэспандэнт Еўрарадыё таксама прыйшоў у актавую залу БелМАПА.
Свабодных месцаў амаль няма. Паслухаць Качанаву прыйшло каля 300 чалавек. У асноўным гэта жанчыны за 40, але ёсць і моладзь. Побач з адной з маладзейшых кампаній спрабую "заціхарыцца", каб не прыцягваць да сябе лішняй увагі.
Чалавек 50 з прысутных сядзяць у масках — небывалая ідэалагічная дыверсія для дзяржаўнага калектыву. Ну, хоць медыкі разумеюць пагрозу, якую нясе каранавірус.
У залу заходзіць Наталля Качанава ў суправаджэнні дзесяці чалавек: ці то чыноўнікі, ці то адміністрацыя навучальнай установы, ці то і тыя, і другія.
"Світа" ўсаджваецца на першы шэраг, а Наталля Іванаўна падымаецца на трыбуну. Тыя, хто сядзіць у зале, неахвотна пачынаюць уставаць у знак прывітання.
"Ай, можа не будзем?" — шэпчуцца з боку моладзі, якая сядзіць побач. Але ўсё-ткі пераймаюць усеагульны прыклад.
Са старту Наталля Качанава заяўляе, што разлічвае на дыялог: пасля яе выступлення кожны зможа задаць пытанне. І пераходзіць да ласкавых слоў:
"Словы ўдзячнасці і падзякі вам. І нізкі паклон тым, хто працаваў, працуе і будзе працаваць у гэтай прафесіі. Дзякуй вам вялікі, таму што, па-іншаму тут не скажаш, вы кожны дзень ратуеце жыцці..."
Хтосьці рэзка пачынае пляскаць. Праз секунду апладысменты падхоплівае зала. Завадатарка — бландзінка з кароткай стрыжкай, якая сядзіць у задніх шэрагах. Твар яе сур'ёзны: пакуль не ясна, яна пляскае ў ладкі шчыра ці гэта тролінг.
"Пасля звароту прэзідэнта да парламента і народа мне складана нешта дадаць. Вы і так, напэўна, усе яго глядзелі", — кажа Качанава. Аднак паўтарэнне — маці вучэння: давераная асоба вырашае, што не будзе лішнім нагадаць прысутным пра тое, што ў нас у краіне ўсё добра, а калі нешта і не добра, то хутка стане добра.
І быццам бы першыя 17 хвілін сустрэчы гэта нават атрымліваецца. Пакуль Качанава не закранае тэму каранавіруса:
"Я наогул інжынер-будаўнік, але так воляю лёсу мяне звяло з медыцынай, што мне даводзіцца і на будоўлі выязджаць... Вось пятую бальніцу вы бачылі? Там недабудаваны корпус, а калі — раз — і пайшлі хворыя-кавідныя, прынялі рашэнне, хутка завяршылі — і ўжо ў іншых умовах ляжалі хворыя..."
"Прабачце! У якіх умовах?! Раскажыце, калі ласка, у якіх умовах ляжалі?" — раптам абрывае словы Качанавай вокліч з задніх шэрагаў. Людзі паварочваюцца і бачаць ... тую самую бландзінку з кароткай стрыжкай. Яе апладысменты ўсё ж такі былі тролінгам — гэта цяпер відавочна.
Жанчына прыўстае з месца. Тэма, якую закранула Качанава, яе напэўна зачапіла. Пра ўмовы знаходжання заражаных каранавірусам яна, як відаць, паінфармаваная лепш за старшыню Савета Рэспублікі.
"Не трэба! Калі ласка, не трэба!" — паўшэптам спрабуюць супакоіць бландзінку спалоханыя жанчыны, якія сядзяць побач. Аднак яна ад іх адмахваецца і працягвае свідраваць поглядам давераную асобу Лукашэнкі ў чаканні адказу.
"Давайце так дамовімся: вы потым пытанне задасце і я на яго з задавальненнем адкажу", — спакойна парыруе Качанава, паказваючы сваім выглядам, што сітуацыя ў яе пад кантролем. Маўляў, ну так, тут ёсць адна апазіцыянерка, але мы ж, усе астатнія, мы ж нармальныя! Так? Так жа?
Устаяць перад усмешкай Качанавай "апазіцыянерка" не можа: са словамі "Добра! Дзякуй!" яна падае назад у крэсла. Жанчыны, якія сядзяць побач, бледныя. Здаецца, яны хочуць праваліцца пад зямлю, але дарэмна — актавая зала БелМАПА знаходзіцца на другім паверсе.
Без скандалу праходзяць наступныя тры хвіліны, але Качанава зноў наступае на каранавірусную міну:
"Калі мы адзначалі Дзень Перамогі і выйшлі на парад, шмат крытыкавалі нашу краіну і ўлады (як і за пандэмію многія крытыкавалі), таму што лічылі, што мы робім нешта няправільна. Але сёння жыццё паказала іншае. Тое, што мы адзначалі Дзень Перамогі, — мы па-іншаму не маглі. 75 гадоў таму наша краіна была сцёртая з твару зямлі... Як было не адсвяткаваць гэтую дату? Ветэраны сказалі: не, мы абавязаны выйсці! І мы выйшлі на парад. І прэзідэнт выйшаў з маленькімі ўнукамі. І ніхто не захварэў!"
З боку, дзе сядзіць моладзь, чуецца смяшок: "У сэнсе ніхто? А як жа наш бессімптомны?"
Навакольныя ацанілі панч і акуратна захіхікалі. Целаахоўнік Качанавай, які з самага пачатку сустрэчы стаяў каля аднаго з уваходаў, пачаў прыглядацца да твараў парушальнікаў цішыні. Самы час для тых з іх, хто быў без масак, пашкадаваць пра адсутнасць сродкаў індывідуальнай аховы.
Аднак прамову Качанавай пра парад са смехам сустрэлі не ўсе: з задніх шэрагаў даносяцца словы "Я не магу больш гэта слухаць!", якія належаць ужо знаёмай нам бландзінцы-"апазіцыянерцы". Яна падымаецца з месца і дэманстратыўна пакідае залу. Качанава сваю прамову ні на секунду не спыняе — працягвае гаварыць са злёгку прыкметнай усмешкай: цяпер не трэба будзе адказваць на нязручныя пытанні.
І дарэчы, пра пытанні: ні мікрафона, ні чалавека, які б падаваў яго запытальнікам, у зале прадугледжана не было. Вельмі дзіўна для сустрэчы, на якой Качанава хацела дыялогу.
Зрэшты, мікрафон практычна не спатрэбіўся: пасля 30-хвіліннага выступлення Качанавай задаюць усяго адно пытанне: "Пра выдзяленне кватэр для медработнікаў..." — гаворыць з месца адна з жанчын.
Качанава коратка адказвае, што ёсць і інтэрнаты для медработнікаў, якія "як кватэры", і магчымасць засяліцца ў арэнднае жыллё. Пра падарункі ў выглядзе кватэр, як відаць, пытанне не стаіць.
"Што, у вас больш пытанняў няма? Вось гэта калектывы! Альбо хтосьці з вамі такую добрую тлумачальную работу правёў, альбо вы выразна пры сваім меркаванні", — робіць выснову Качанава.
"Тады дзякуй вам вялікі..." Людзі, не даслухаўшы да канца рэпліку, пачынаюць падымацца са сваіх месцаў. Аднак Качанава іх спыняе: "Ой, стоп! Стоп! Паслухайце мяне яшчэ! Гэта... я... гэта ўжо не ў плане агітацыйным".
Яна пачынае жадаць прысутным і іх родным моцнага-моцнага здароўя, "таму што дактары, як правіла, мала пра сябе думаюць".
І як бы незнарок давераная асоба Лукашэнкі працягвае:
"Калі ласка, зрабіце ўсё, каб вашы родныя, блізкія і знаёмыя не выходзілі на несанкцыянаваныя мерапрыемствы. Калі ласка! Гэта супрацьзаконна! Гэта будзе спыняцца! Не трэба гэтага! Ёсць месцы, усталяваныя для правядзення масавых мерапрыемстваў: іх у горадзе Мінску шэсць. Хочаце праводзіць мерапрыемствы — паведаміце гарвыканкаму".
Пасля гэтага людзі радасна пакідаюць залу і пачынаюць тоўпіцца ў фае пры выхадзе з будынка. У натоўпе ў адной з жанчын пачынае тэлефанаваць тэлефон: "Так, ужо скончылася! І смех, і грэх", — кажа яна свайму суразмоўніку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.