І за, і супраць: псіхолагі — пра жаданне дзяржавы залезці ў ложак да школьніц

Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі/pixabay.com​
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі/pixabay.com​

У сярэдзіне лютага байнэт ўзарвала навіна: пасля планавых аглядаў гінеколагі будуць паведамляць міліцыі пра палавое жыццё школьніц, малодшых за 16 гадоў. Ці не будзе гэта уварваннем у асабістую прастору дзяўчынак, ці не стане для іх прыніжэннем? Ці не прывядзе новаўвядзенне да росту колькасці падлеткавых самагубстваў? Ці не стане прычынай для скандалаў у сем'ях?

Мінадукацыі маўчыць, а прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя адмовілася каментаваць інавацыю, спасылаючыся на тое, што "дакумент" паходзіць з МУС. У сілавым ведамстве заявілі, што начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Генадзь Казакевіч ужо даў усе неабходныя каментарыі інфармагенцтву Sputnik.

"Мы не замахваемся на палавую свабоду нашых падлеткаў, але мы хочам абараніць іх ад таго, каб у дачыненні да іх не быў учынены гвалт, — у прыватнасці, сказаў "Спутніку" Казакевіч. — Гэтая практыка склалася не ўчора і не пазаўчора, яна заканадаўча ўрэгуляваная. За ўвесь гэты час у нас не было скаргаў ад падлеткаў або бацькоў адносна таго, што мы парушылі нечыя  правы".

Спачатку псіхолаг, потым міліцыянер?

Гінекалагічныя агляды ў школах сапраўды праводзяцца. Але школьніцы, з якімі пагутарыла Еўрарадыё, распавядаюць, што цяпер атрыманыя дадзеныя не выдаюцца. Пра палавыя адносіны дзяўчынак пасля аглядаў у гінеколага не даведваюцца нават бацькі — не тое што міліцыя. Так што МУС усё ж хоча "скласці" і "заканадаўча ўрэгуляваць" нейкую новую практыку.

Генадзь Казакевіч дадае, што ў першую чаргу з дзяўчынкамі, якіх злавілі на тым, што яны маюць палавыя сувязі, будзе размаўляць псіхолаг, а ўжо пасля — міліцыянт. Прычым міліцыя падключыцца, толькі калі ў псіхолага з'явіцца падазрэнне аб здзейсненым гвалце.

Пакуль Міністэрствы аховы здароўя і адукацыі не спяшаюцца з каментарыямі, Еўрарадыё распытала псіхолагаў пра тое, да чаго можа прывесці рэзкае рашэнне ўладаў і як яно можа адбіцца на дзецях.

Вольга Філімонава: "Да клопату пра дзецей трэба падыходзіць інакш"

Дзіцячы і сямейны псіхолаг Вольга Філімонава лічыць, што пасыл у рашэння добры. Пра бяспеку дзяцей сапраўды трэба клапаціцца. Але як новыя нормы будуць рэалізаваныя на практыцы, незразумела:

"Мне здаецца, трэба падысці да гэтага пытання з іншага боку: павышаць культуру дзяўчынак і прызнаць, што гінеколаг — гэта таксама лекар, такі ж, як і ўсе астатнія. Да яго трэба рэгулярна хадзіць. Іншае пытанне, што калі з’яўляецца момант перадачы інфармацыі ў міліцыю, то я б, напэўна, дадала да гэтага супрацоўніцтва з псіхолагам паліклінікі".

И за, и против: психологи — о желании государства залезть в постель к школьницам
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі/Еўрарадыё

Таксама, на яе думку, сустрэчу дзяўчынак з псіхолагам, індывідуальна або малымі групамі, трэба арганізоўваць перад першым паходам да гінеколага або зусім перад усім медаглядам:

"Гэта трэба, каб растлумачыць, навошта ўсё гэта робіцца. Калі і ёсць страхі ў каго-небудзь з дзяўчынак, трэба, каб яны ў больш спакойнай абстаноўцы маглі пра гэта сказаць. А не так, што вось, мяне адвядуць да доктара і пра мяне там нешта жудаснае высвятляць".

Зрэшты, Вольга Філімонава лічыць, што наўрад ці ў дзяўчынак атрымаецца пазбавіцца ад гэтай думкі. І ў гэтым адна з галоўных праблем прапанаванага парадку:

"Выкажам здагадку, адна з дзяўчынак стала ахвярай педафіліі. Ёй будзе страшна, што цяпер лекар паведаміць у міліцыю, і пачнуцца нейкія даследаванні. І ёй будзе не нашмат лепш, калі яна будзе працягваць падвяргацца гвалту".

Пытанне таксама ў кампетэнцыі і ў матывацыі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія будуць працаваць з дзецьмі. Ці павінны яны дакараць дзяўчынку за раннюю палавую сувязь, калі "гэта" адбылося з каханым чалавекам?

"Спецыялісты, якія будуць размаўляць з дзіцём, не павінны ціснуць на яго, напрыклад, пытаннямі: "Ці сапраўды гэта быў хлопец, у якога ты была закаханая?". Таму што, калі гэта было па каханні, то яна будзе распавядаць пра гэта больш разняволена. Вядома, яна будзе трывожыцца. Але іншая справа, калі яна гісторыяй пра закаханасць будзе хаваць нейкі крымінальны аспект — тут яна будзе паводзіць сябе па-іншаму.

Калі гаворка ідзе аб палавую сувязь да 16 гадоў з каханым чалавекам, бацькі не павінны дакараць дзяцей, не павінны ўспрымаць гэты факт як нешта надзвычайнае. Яны павінны падтрымліваць дзяцей, казаць, што не дадуць іх пакрыўдзіць".

На думку Вольгі Філімонавай, бацькі павінны ствараць атмасферу даверу са сваімі дзецьмі.

"Такія заканадаўчыя дзеянні — добры стымул для бацькоў. Напрыклад, павысіць уласную культуру і дасведчанасць ў пытанні псіхасексуальнага развіцця дзяцей.

Гэта ж пачынаецца далёка не ў падлеткавым узросце. Бацькі павінны быць гатовыя адказваць на пытанні кшталту "адкуль я ўзяўся?", "што такое секс?", пра ўзаемаадносіны паміж мужчынам і жанчынай. Тады паміж бацькамі і дзецьмі фармуецца давер. Адпаведна, калі з дзіцём нешта адбываецца (напрыклад, дзядзька нейкі прыстае альбо ў школе нехта крыўдзіць), у дзіцяці з'яўляецца значна больш сіл прыйсці да дарослага і расказаць, што нешта адбываецца. Тады не патрэбны будзе гінеколаг, які паведамляе ў міліцыю. Я хачу сказаць, што гэтая мера — з катэгорыі крайніх, калі па-іншаму выявіць ніяк не ўдаецца".

Псіхолаг падкрэслівае, што адсутнасць яснасці і грамадскае абмеркаванне, якое развіваецца вакол яшчэ не прынятага рашэння, у любым выпадку, не ідзе на карысць барацьбе за дзіцячую бяспеку:

"Калі пачнуць баяцца бацькі, тады і дзеці пачнуць трывожыцца, губляцца. Дзяўчынкам наогул страшна будзе хадзіць да гінеколага, будзе больш збянтэжанасці. Бацькі з-за страху пачнуць вадзіць дзяцей не ў паліклініку, а ў прыватныя медцэнтры. Гэта значыць, тут пагрозы да латэнтнасці значна больш".

Наталля Пачэпка: "Секчы сякерай і капацца ў ранах недапушчальна"

Ці не павялічыцца колькасць падлеткавых суіцыдаў, калі пра палавое жыццё дзяўчынкі даведаюцца міліцыянты, псіхолагі, бацькі і, магчыма, аднакласнікі? Загадчыца аддзялення псіхалагічнай дапамогі сям'і і дзецям Мінскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей Наталля Пачэпка ўпэўненая, што ініцыяваныя гінеколагам кантакты з міліцыяй могуць негатыўна паўплываць на псіхіку дзіцяці.

"Цяпер ўзрасла колькасць суіцыдаў у сувязі з тым, што надаецца мала індывідуальнай увагі дзецям, асобу не бачаць за ўсякімі правіламі. А тут паведамляецца, што яшчэ і ў ложак да дзяцей залезуць...

Любы невінаваты чалавек, сустракаючыся з міліцыяй, заўсёды адчувае, што зрабіў нешта не тое, што ён у нечым вінаваты. У мяне няма сумненняў у тым, што гэта разбурыць псіхіку дзіцяці мацней, чым нават калі б гэта быў гвалт.

Я не ўяўляю, каб дзяржава ўмешвалася ў такія тонкія інтымныя сферы. Калі дзіця не ў стане распавесці пра тое дрэннае, што з ім здарылася, сваім бацькам, то хто вырашыў, што ён раскажа пра гэта следчаму?

Тое, што ў нас маладзее палавое жыццё, дык усе краіны прайшлі праз сексуальную рэвалюцыю. Пра увядзенне палавога выхавання ў школах ужо даўно гаворка ідзе, проста, усё не зрушваецца з месца. Пра палавую недатыкальнасць павінны гаварыць у сям'і. А ў нас — няграматнасць бацькоў, няграматнасць настаўнікаў і выхавальнікаў. Яна можа адбіцца на тым, што дзеці не ведаюць, што павінны быць недатыкальныя. Але гэта не віна дзяцей, і караць іх, вось так у іх капацца — гэта недапушчальна.

Мы ўсяляк абараняем нашых дзяцей, ведаючы, якія яны ранімыя, якія яны чуллівыя. І так секчы сякерай, так разбірацца ў ранах гэтых... Гэта недапушчальна. У нас даўно працуюць дружалюбныя да дзецей пакоі апытання, дзе спецыяльна падрыхтаваныя людзі праводзяць апытанне дзяцей, якія падвергліся гвалту. Такія пакоі ёсць у Мінску і абласных гарадах".

И за, и против: психологи — о желании государства залезть в постель к школьницам
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі/svaboda.org

Чаму ўлады не збіраюцца правяраць хлопчыкаў?

Урач-хірург і каардынатар арганізацыі Y-Peer ў Беларусі Дзмітрый Кароль лічыць, што такія рашэнні можна прымаць толькі на аснове статыстычных дадзеных пра дзецей, якія ўступаюць у палавыя адносіны да 16 гадоў. Але ці існуе такая статыстыка?

"Колькі дзяцей з тых, якія маюць сексуальныя сувязі, маюць іх прымусова? Ці ёсць статыстыка? І калі няма, то на аснове чаго увогуле з'явілася ідэя перадаваць такія даныя МУС? Бо гэта парушэнне заканадаўства аб ахове здароўя!

Лекары не маюць права перадаваць даныя ў іншыя інстанцыі. З 14 гадоў чалавек можа рабіць тыя ці іншыя медыцынскія працэдуры і ўмяшанні без згоды бацькоў, і ў прынцыпе, не паведамляючы бацькам. Чаму інфармацыю павінны перадаваць у міліцыю — незразумела".

Яшчэ адно пытанне: ці няма дыскрымінацыі ў тым, што ўлады "забыліся" пра хлопчыкаў?

"Чаму гэта тычыцца толькі дзяўчынак? А хлопчыкі? Як праверыць, ці быў учынены гвалт над дзіцём ці не? Але хлопцаў можна праверыць толькі па ўскосных прыкметах, гэты вынік не будзе на 100% дакладным. А гвалт над дзяўчынкамі можна ўчыніць і без пранікнення, гэта значыць без вагінальнага сексу...

Мера, якую мы абмяркоўваем, мае добры пасыл, але яе рэалізацыя не толькі не адпавядае стандартам заканадаўства, але таксама можа аказацца дыскрымінацыйнай".

У 2014 годзе Савет Міністраў зацвердзіў палажэнне, у адпаведнасці з якім, у некаторых выпадках медыкі могуць перадаваць у міліцыю інфармацыю, якая складае медыцынскую тайну, без згоды пацыента. Але для гэтага павінна быць падстава меркаваць, што шкода здароўю пацыента нанесеная ў выніку супрацьпраўных дзеянняў. Напрыклад, калі лекару падасца, што характар ​​траўм і пашкоджанняў пацыента сведчыць аб згвалтаванні, то ён абавязаны апавясціць пра гэта свайго кіраўніка, а той — адправіць паведамленне ў міліцыю.

У спісе няма канкрэтнага пункта пра тое, што медык абавязаны звяртацца ў міліцыю, калі выявіцца, што дзяўчынкі да 16 гадоў уступалі ў палавыя адносіны. Але ў канцы згадана, што падставай для гэтага могуць быць "іншыя звесткі аб тым, што шкода здароўю пацыента нанесеная ў вынiку супрацьпраўных дзеянняў". Калі, згодна з гэтым пунктам палажэння, міліцыя будзе атрымліваць інфармацыю пра усіх дзяўчынак да 16 гадоў, у якіх быў секс, значыць, "шкодай здароўю, прычыненай у выніку супрацьпраўных дзеянняў" будзе лічыцца сам факт палавых сувязяў у дзяўчынак да 16 гадоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі