Ідэнтыфікавана больш за 50 украінскіх дзяцей, вывезеных у Беларусь

Дзеці з Данбаса ў Мінску / sb.by
Дзеці з Данбаса ў Мінску / sb.by

Ідэнтыфікавана больш за 50 украінскіх дзяцей-сірот, незаконна вывезеных з тэрыторыі Украіны, акупаванай Расійскай Федэрацыяй, на тэрыторыю Беларусі. Пра гэта ў каментары Еўрарадыё заявіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

"Па нашых звестках, украінскіх дзяцей вывозяць не менш чым з 15 гарадоў Украіны, — кажа Латушка. — У пяць дзіцячых асяродкаў на тэрыторыі Беларусі. У планах рэжыму вывезці на тэрыторыю Беларусі да канца года каля 3 тысяч дзяцей".

Па даных Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, з верасня 2022-га да траўня 2023 года ў РБ ужо было вывезена з Украіны больш за 2100 дзяцей, а агульная лічба можа скласці 3 тысячы.

Абвінавачванне ў ваенным злачынстве — "арганізаваным і сістэматычным вывазе ўкраінскіх дзяцей" — вельмі хвалюе Аляксандра Лукашэнку. Ён не хоча ў Міжнародны крымінальны суд у Гаагу, а яго дыпламаты намагаюцца даказваць яго невінаватасць.

У сакавіку Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, а таксама ўпаўнаважанай па правах дзіцяці РФ Марыі Львовай-Бяловай. Абое яны нясуць адказнасць за ваеннае злачынства — незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей. У красавіку Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прызнала генацыдам прымусовую дэпартацыю ў Расію дзяцей з Украіны. Лукашэнка і яго рэжым прызнаныя датычнымі да гэтага злачынства. У такой сітуацыі Еўрапарламент заклікае Міжнародны крымінальны суд разгледзець магчымасць выдачы аналагічнага ордара на арышт Лукашэнкі.

А міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба заклікае Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаць ордар на арышт генеральнага сакратара беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрыя Шаўцова, "які публічна прызнаўся ў злачынстве незаконнай дэпартацыі дзяцей з акупаваных раёнаў Украіны".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі