Іллю Дабратвора арыштавалі на 20 сутак
Грамадскага актывіста затрымалі 16 верасня ў Мінску перад пачаткам судовага працэсу над Юрыем Рубцовым.
Супрацоўнікам міліцыі не спадабалася яго майка з надпісам “Свабода палітвязням”, што і стала прычынай затрымання, піша праваабарончы сайт "Вясна".
Дабратвора абвінавацілі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Сведкі-міліцыянты заявілі, што Дабратвор быў нападпітку. Суддзя Міхаіл Хома адмовіўся правесці экспертызу на наяўнасць алкаголю.
Амапаўцы Віктар Хадок і Маскалёў сведчылі на судзе, што Дабратвор лаяўся, яму зрабілі заўвагу, але ён не рэагаваў. Затым яны нібыта прапанавалі прайсці з імі, а калі хлопец адмовіўся — узялі пад рукі і даставілі ў аўтамабіль. Пры гэтым, кажуць міліцыянты, паблізу нікога не было.
Суддзя адмовіўся выклікаць сведку журналіста Сяргея Сацюка, які быў побач, як і іншых сведак, што былі каля суда. Адмовіўся ён і далучаць да матэрыялаў аператыўныя здымкі.
Фота — spring96.org