Імя Бурага не згадвалася: польскі дыпламат пра скандал з "гераізацыяй злачынцаў"
Сцягі Беларусі і Польшчы / Office Life
10-га сакавіка пракуратура Брэста ўзбудзіла крымінальную справу па факце "гераізацыі ваенных злачынцаў", якая нібыта мела месца на мерапрыемстве "Польскай школы" ў Брэсце.
"Апранутыя ў нацыянальную форму польскай скаўцкай арганізацыі маладыя людзі выконвалі песні, чыталі вершы ў славу ваенных злачынцаў, у тым ліку Рамуальда Райса, вядомага па мянушцы Буры", — патлумачыла ведамства сутнасць справы.
Часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцэхоўскі пракаментаваў TUT.by скандал з "гераізацыяй ваенных злачынцаў". Паводле яго, мерапрыемства, якое прайшло ў Брэсце 28 лютага, было арганізавана Форумам польскіх лакальных ініцыятыў.
"Па наяўных у нас дадзеных, мэтай мерапрыемства было ўвекавечанне памяці тых людзей, якія пасля Другой сусветнай вайны ў Брэсце клапаціліся пра польскія месцы памяці, польскія могілкі, захаванне польскай гісторыі — за гэта яны былі рэпрэсаваныя, у тым ліку адпраўленыя ў Сібір, у Варкуту. Толькі пасля смерці Сталіна, на хвалі адлігі, яны змаглі вярнуцца ў Польшчу. З вядомых мне людзей магу назваць спадара Рышарда Снарскага, які жыў у Брэсце", — патлумачыў Вайцэхоўскі.
Па яго інфармацыі, івэнт не меў ніякага дачынення да імя Рамуальда Райса (Бурага) і падзей у Гайнаўцы, як сцвярджаюць праўладныя СМІ.
"Можа быць, вершы і чыталі, але 100% не ў гонар Райса, яго імя на той сустрэчы нават не згадвалася. Мы гэта старанна правяралі, калі б было па-іншаму, наш консул проста не ўдзельнічаў бы ў такой сустрэчы, — адзначыў Марцін Вайцэхоўскі. — Мерапрыемства, па нашай інфармацыі, праходзіць у Брэсце ўжо некалькі гадоў, і ніколі яно не выклікала цікавасці, увагі, рэзанансу ў той ступені, у якой гэта адбылося сёлета".
Марцін Вайцэхоўскі распавядае, што ў мерапрыемстве ўдзельнічалі людзі, якія вывучаюць польскую мову, культуру, традыцыі. Сам івэнт сапраўды быў прымеркаваны да 1 марта — дня, калі ў Польшчы ўспамінаюць удзельнікаў антысавецкага падполля, якія змагаліся за незалежнасць краіны. Але пра салдат атрада Рамуальда Райса (па мянушцы Буры), якія спалілі пяць вёсак на тэрыторыі Усходняй Польшчы, дзе жылі праваслаўныя беларусы, ніхто не згадваў: польская дзяржава лічыць дзеянні Бурага супраць беларускага насельніцтва ваенным злачынствам.
"Але гэтае свята ахоплівае ўсіх людзей, якія пасля Другой сусветнай вайны ў той ці іншай форме аказвалі супраціў камуністычнай улады, за што былі рэпрэсаваныя, — падкрэслівае Вайцэхоўскі. — Але яшчэ раз хачу падкрэсліць, што імя Бурага не згадвалася. Наш консул ўдзельнічаў у сустрэчы, якая была прысвечана мясцовай гісторыі, мясцовым падзеям — яны, на нашу думку, не маюць ніякага антыбеларускага кантэксту і падтэксту".
Дыпламат дадаў, што ў гэтым годзе палякі і беларусы разам удзельнічалі ў мерапрыемствах па ўвекавечанні памяці ахвяр Рамуальда Райса ў Гайнаўцы. Ён спадзяецца, што сітуацыя з "Польскай школай" у Брэсце вырашыцца і ўсе затрыманыя будуць вызваленыя.
Пасля заявы пракуратуры аб "гераізацыі ваенных злачынцаў" на мерапрыемстве "Польскай школы" пачаўся дыпламатычны канфлікт паміж МЗС дзвюх краін. Спачатку за "гераізацыю" беларускі МЗС выслала з краіны польскага консула ў Брэсце Ежы Цімафеюка. Пасля МЗС Польшчы ў "адказ на варожыя і неабгрунтаваныя дзеянні" выслала аднаго з беларускіх дыпламатаў. Следам наша МЗС даў 48 гадзін на тое, каб пакінуць Беларусь консулу Польшчы ў Гродне Яраславу Ксенжыку. У адказ МЗС Польшчы адправіў дадому беларускіх консулаў у Варшаве і Беластоку "у сувязі з працягам несяброўскіх жэстаў Мінска".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.