Іне Дабратвор выпісалі рэкордны штраф за партрэты на вокнах
Ілля і Іна Дабратворы /@viasna96
Штраф у 200 базавых велічынь выпісала суддзя Жанна Хвайніцкая шматдзетнай маці Іне Дабратвор. Апошняя выхоўвае пяцярых дзяцей. Падставай для такога штрафу сталі партрэты на вокнах кватэры.
На шкле ў кватэры ў Дабратворцаў віселі партрэты Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай і Віктара Бабарыкі, а таксама герб "Пагоня". У міліцыі палічылі, і суд з гэтым пагадзіўся, што быў парушаны парадак правядзення масавага мерапрыемства.
Прычым суддзя абрала максімальнае пакаранне па гэтай частцы артыкула — 200 базавых велічынь, або 5800 рублёў. Гэта рэкордны штраф па самым народным артыкуле, адзначаюць праваабаронцы.
Абноўлены КаАП з новымі штрафамі і ўзмацненнем жорсткасці пакарання для пратэстоўцаў набыў моц 1 сакавіка. Калі за ўдзел у акцыі па старым кодэксе меркаваўся штраф да 30 базавых, то па новым — да 100, а пры паўторным удзеле — да 200. Былі павялічаныя і тэрміны адміністрацыйнага арышту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.