Кабякоў распавёў пра два сцэнары развіцця беларускай эканомікі
Андрэй Кабякоў распавёў пра два сцэнары развіцця беларускай эканомікі — “кансерватыўны” і “мэтавы”. Пад старшынствам прэм’ер-міністра 13 чэрвеня прайшло пасяджэнне прэзідыюма Саўміна. Гаворка ішла пра прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2018 год, на перыяд да 2020-га, пра сярэднетэрміновую праграму на 2018-2020 гады.
“Як і ў мінулым годзе, кансерватыўны сцэнар мяркуецца выкарыстаць для фармавання бюджэту, — цытуе словы Кабякова БЕЛТА. — Мэтавы сцэнар развіцця эканомікі адпавядае тым задачам, якія замацаваныя ў Праграме-2020”. Прэм’ер нагадаў галоўныя патрабаванні да бюджэту — “збалансаванасць, выкананне абавязацельстваў па дзярждоўгу і забеспячэнне ўсіх сацыяльных выдаткаў”.
Праца над пакетам прагнозных дакументаў мусіць быць скончаная ў жніўні.