"Камяніца-2014": Рух у будучыню праз мінулае. Трэнд, стабільнасць і хібы

6 верасня на ўзгорках Музея народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы грыміць фолк-фэст "Камяніца". Фестывалю сёлета 6 гадоў. І арганізатары івента адзначаюць, што першапачатковыя іх мэты дасягнутыя:


"Для мяне асабіста фестываль — гэта прыемнае баўленне часу нягледзячы на яго насычанасць і складанасць, — кажа каардынатар фэсту Сяргей Чагрынец. — Таму што сёлета мы, напэўна, максімальна наблізіліся да таго, чаго хацелі, з пункту гледжання арганізацыі, разумення працэсаў, што адбываюцца".


Сёлетняя "Камяніца" праходзіць без асаблівых таямніц. На шляху да галоўнай сцэны традыцыйна прадаюць медныя завушніцы і гліняныя свістулькі-совушкі, дзеці зацікаўлена лепяць гаршчкі на ганчарным коле, разам з бацькамі страляюць з лука. Тут жа танчаць традыцыйныя танцы. Ды і надвор'е шапоча. А далей на галоўнай сцэне выступяць "Троіца", палякі, чэхі, беларусы Re1ikt і Shuma, будзе Скрыпка на "закуску".


Радуе, што людзей у нацыянальных строях з кожным фэстам становіцца ўсё больш. Верагодна, што такімі тэмпамі публіка сама прывядзе "Камяніцу" да строгага фестывальнага дрэс-кода.


"Этна-фестывалі найпапулярнейшыя ў свеце, — запэўнівае лідар украінскага гурта "Воплі Відаплясава" Алег Скрыпка. Гэта самае цікавае, што на сённяшні дзень адбываецца. Таму што тэндэнцыі такія, што ў музыцы прыдумана ўжо ўсё, што можна было прыдумаць. Адзінае, што мы можам зрабіць новага, гэта такія нечаканыя і цікавыя камбінацыі старога і новага. У гэтай пастаяннай камбінацыі мы запрашаем моладзь да этнічнага свету. Такім чынам моладзь рухаецца і ў будучыню, і ў мінулае. І толькі такім чынам мы можам развівацца. І плюс, цяга ў свеце да ўсяго натуральнага, экалагічнага, біялагічнага. Таму этна-фэсты і этна-музыка проса ў трэндзе на сённяшні дзень".


Лайн-ап фэсту ўражвае сваёй разнастайнасцю. Тут і ўдумлівая фантастычная "Троіца", і эксперыментальны польскі дуэт Караліны Ціхай і Бартэка Палыгі з цыганскімі і беларускімі песнямі, і канцэптуальныя піцерцы "Отава Ё" у цішотках-алкагалічках, і адарваныя шматмоўныя чэхі Ahmed Má Hlad з турэцкімі песнямі з Македоніі.


"Уражанні вельмі добрыя, — кажа вакаліст чэшскага гурта Андрэй Новік. — Мы нават не чакалі, што ў Беларусі, у Мінску можа быць такі вялікі фэст, і да таго ж, у такім цудоўны арэале. Фэст знаходзіцца у самым-самым кантэксце з еўрапейскімі фэстамі. Але нам падаецца, што тут атмасфера крыху цішэйшая, чым на іншых фэстах, дзе шмат гандляроў і шмат алкаголю. Тут усё крыху цішэй і спакайней. Што таксама прыемна".


У абсалютным захапленні ад убачанага знаходзяцца фронтмэны украінскага "Бандурбэнда" Паўло і Юрко, выступ якіх мог бы атрымаць прыз глядацкіх сімпатый, калі б такі выдавалі.


"Страшэнна цудоўныя ўражанні. Страшэнна спадабалася. Цудоўная публіка, цудоўныя людзі, цудоўны фестываль. 10 з 10! Можна нават 12 з 10! — смяюцца музыкі. — Ведаеце, як кажуць, які арганізатар, такі і фестываль! Мы бачылі шмат розных фэстаў. Але гэты можна занесці ў Топ-3 найлепшых".


Бліжэй да вечара сэты выступоўцаў пачынаюць скарачацца. Адпаведна, збіваецца час выступаў. Асноўны "удар" прыходзіцца менавіта на беларускія гурты, якія завяршаюць "Камяніцу", і якім даводзіцца ўціскаць сваю праграму ў 25 хвілін. Гэта не можа не выклікаць абурэнняў.


"Усё вельмі клёва, але як звычайна "уразаюць" выступы беларусаў, якія круцейшыя за запрошаных і дарагіх гасцей, — скардзіцца лідрака Kriwi Вераніка Круглова. Мяне асабіста гэтая тэма вельмі моцна раздражняе і крыўдзіць. Можа, давайце, хлопцы, найперш навучымся паважаць саміх сябе?"


Алег Скрыпка, як і ў 2011-м, завяршае "Камяніцу" DJ-сэтам. Тры гады таму выступ музыкі сапраўды стаў яскравым хэпі-эндам фэсту. Сёлета і без таго пакрэмзаны сэт Алега выглядае амаль што халтуркай. Калі б не беларускамоўная "Краіна мрой", за што, натуральна, дзякуй музыку, уражанне было б зусім сапсаванае.


"Вядома, фестывальны мэнэджмент патрабуе, каб сёмы фэст быў адфарматаваны, ужо патрэбныя сюрпрызы, нават значныя сюрпрызы, — разважае лідар "Палаца" і вядучы фэсту Алег Хаменка.  —  Так, чакаем феерверка. Але мы ўжо ведаем, што прыкладна так і будзе. Няма таямніцы. Магчыма, трэба да апошняга трымаць у сакрэце лайн-ап як на нямецкіх фэстах, магчыма, узмацніць малую сцэну, якая цяпер адыгрывае буферную ролю, а хацелася б, каб яна стала проста гучнейшай, і, мне здаецца, гэта падыме метрарытміку самога фэсту".


Сярод цікавостак, якія могуць здарыцца на сёмай "Камяніцы" Алег Хаменка называе гульню "Усебеларускі ручай". "Вось гэта будзе сюрпрыз", перакананы музыка.

А сёння ў профілях "Камяніцы" ў сацыяльных сетках з’явіліся нараканні на тое, што з-за затрымкі фэсту публіка апынулася на прыпынку і доўга не магла пакінуць Азярцо, у выніку чаго давялося пешшу ісці ў Мінск. Карацей, чакаем сёмай "Камяніцы". З "папраўкамі".

Глядзіце таксама: Фолк-фэст "Камяніца" наведала 9 тысяч гледачоў (фота)

Вышыванкі на "Камяніцы": Ад прадзеда, з Данецка і Львова

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі