Кандрацьеў назваў матч з балгарамі горшым за час яго кіраўніцтва зборнай
Гульня ў беларускіх футбалістаў не атрымалася, прызнаў галоўны трэнер.
Нагадаем, учора ў Сафіі нацыянальная зборная Беларусі прайграла ў таварыскім матчы Балгарыі — 1:2. Лік мог быць разгромным, але добра гуляў брамнік Сяргей Верамко, за беларусаў быў каркас брамы ды шмат добрых момантаў балгары "загубілі".
"Гэта горшы матч зборнай пад маім кіраўніцтвам, — цытуе словы Георгія Кандрацьева "Прессбол". — Футбалісты аказаліся чамусьці не гатовыя, першыя дваццаць пяць хвілін правялі пачварна. Вымушаны прызнаць: каманда Балгарыі перамагла заслужана".
Паводле Кандрацьева, яго футбалісты ад пачатку гулялі "няправільна", пастаянна аддавалі мяч назад, а балгары ўключылі прэсінг. Гульцы "ўнутрана" не змаглі настроіцца на сур'ёзную барацьбу з першых хвілін, робіць выснову Георгій Кандрацьеў.
Фота — goals.by