Канстытуцыйны суд выказаўся за законы і на беларускай мове

Канстытуцыйны суд Беларусі лічыць, што заканадаўчыя акты, якія закранаюць правы і свабоды грамадзян, мэтазгодна выдаваць і на беларускай, і на рускай мовах. Пра гэта 20 студзеня заявіў старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч. Ён зачытваў штогадовае пасланне кіраўніку краіны і абедзвюм палатам парламетна "Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2014 годзе".

"Канстытуцыйны суд лічыць, што цяпер для забеспячэння свабоднага доступу да правасуддзя заканадаўчыя акты, якія закранаюць правы і свабоды грамадзян, мэтазгодна выдаваць на дзвюх дзяржаўных мовах — беларускай і рускай, у адпаведнасці з палажэннямі артыкула 17 Канстытуцыі аб роўнасці дзвюх дзяржаўных моў", — цытуе словы Міклашэвіча БЕЛТА.

Старшыня суда нагадаў, што Канстытуцыя ў нашай краіне гарантуе роўнасць дзвюх моў. Дарэчы, у савецкія часы ў Беларусі кодэксы былі двухмоўнымі. Пасля ж яны выдаваліся на рускай мове.

Канстытуцыйны суд звярнуў увагу на тое, што на дзяржаўным узроўні прымаюцца меры для далейшага развіцця беларускай мовы. Таму было вырашана, што і ў юрыдычнай сферы таксама трэба зрабіць пэўныя захады, сказаў Пётр Міклашэвіч. Ён мяркуе, што наяўнасць законаў на дзвюх мовах дапаможа пры неабходнасці весці судаводства на беларускай мове.

Фота: Fotolia, БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі