Кастусёў адчувае сябе кепска, не можа спаць начамі — адвакатка

Рыгор Кастусёў / Еўрарадыё​
Рыгор Кастусёў / Еўрарадыё​

Лідар Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, у якога падазраюць анкалогію, атрымаў магчымасць прайсці абследаванне. Пра гэта паведамляе Sputnik Беларусь са спасылкай на адвакатку палітыка Інэсу Аленскую.

У пачатку ліпеня Кастусёў апынуўся ў турэмным шпіталі, яму стала дрэнна. Падчас абследавання ў яго западозрылі анкалогію. Стан стабілізавалі, і палітыка вярнулі ў СІЗА КДБ. У канцы ліпеня дачка Кастусёва гаварыла, што лекі, якія даюць бацьку, яму не дапамагаюць. Яго стан пагаршаецца, 24 ліпеня яму выклікалі ў СІЗА хуткую дапамогу. "Тэрмінова патрэбная біяпсія, але яго трымаюць у камеры", — казала Кацярына Кастусёва.

Па словах адвакаткі, палітык па-ранейшаму "знаходзіцца ў СІЗА КДБ, але яго па меры неабходнасці возяць да медыкаў на абследаванне".

Пры гэтым Аленская таксама расказала, што Кастусёў адчувае сябе кепска, пастаянна скардзіцца на стан здароўя, не можа спаць начамі.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў быў затрыманы 12 красавіка 2021 года. Ён разам з Аляксандрам Фядутам і юрыстам з ЗША Юрыем Зянковічам — фігурант крымінальнай справы аб "змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам". У лісце, які крыху больш за месяц таму атрымалі сябры палітыка, ён паведамляў, што не прызнае віны. Рыгор Кастусёў быў абураны паведамленнямі ТБ пра тое, што ён прызнаў віну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі