“Цяпер беларусы Грузіі ў пастцы. Мы рабілі захады і праз Еўракамісію, і праз міжнародныя арганізацыі, прыкладам, праз Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа. Грузіны не адгукаюцца. Мы разумеем, што ў іх своеасаблівы ўрад. Не буду спекуляваць, скажу толькі, што яны не адгукаюцца на нашы просьбы аб кантактах”, — кажа Кавалеўскі.
Але абяцае, што рукой на беларусаў у Грузіі не махне.
А Украіна?
Да гэтага часу не атрымалася вывесці працу з украінскімі ўладамі па міграцыйнай тэматыцы на сістэмную аснову. Над праблемамі працуюць у ручным рэжыме, кажа Кавалеўскі.
“Хацелася б, каб алгарытмы рабіліся сістэмнымі”, — кажа Кавалеўскі і заўважае, што беларускія кейсы ва Украіне вырашаюцца па-рознаму ў залежнасці ад горада. То-бок на індывідуальнай аснове і ў залежнасці ад канкрэтнага чыноўніка, які працуе з кейсам.
“Але я прызнаю, што мы не дарабілі неабходную колькасць працы, каб вывесці ўсё на сістэмную аснову”, — дадае Кавалеўскі і ўскладае надзею на супрацу са спецпрадстаўніком Беларусі Ігарам Кізімам, які можа прывесці беларускія дэмсілы туды, дзе іх выслухаюць і пачуюць.
Што з бяспекай?
Пашпартны стол будзе ладзіць праверку тых, хто хоча атрымаць дакумент Новай Беларусі. І збіраць асабістыя дадзеныя беларусаў. Дык што з бяспекай?
Пытанні пра бяспеку задаюць Кавалеўскаму не толькі беларусы, але і міжнародныя партнёры.
“Калі не будзе ўпэўненасці, што гэтая тэма адпрацаваная правільна, не варта спадзявацца, што іншыя краіны прызнаюць дакумент. Таму праца будзе весціся на належным узроўні. Магу сказаць, што архітэктура бяспекі будзе прааналізаваная незалежнай аўтарытэтнай арганізацыяй. Калі атрымаем аўдыт, гэта будзе доказам таго, што мы ведаем, што робім. І робім адказна”, — рэзюмуе Кавалеўскі.
Прапаганда зацікавілася пашпартам. Чаму?
Бо праект можа стаць паспяховым. А можа і не стаць?
“Мы заўсёды казалі, што гэта амбітны праект, а такія праекты звязаныя з высокімі рызыкамі. Тут шмат невядомага, таму праект развіваецца не так хутка, як нам хацелася б. Мы робім гэта ўпершыню. І такога не рабіў да нас ніхто”, — заўважае Кавалеўскі.
Лукашэнка ператварыў выдачу дакументаў грамадзянам краіны з паслугі ў рэпрэсіўны інструмент. І гэта добры аргумент для таго, каб партнёры дэмсілаў зрабілі выбар: яны падтрымліваюць беларускі народ ці спрабуюць захаваць нервы рэжыму?
“І гэтая дылема вельмі простая. Чаму рэжым хвалюецца? Бо разумее, што адмовіўся ад паслугі грамадзянам. І яе можа перахапіць дэмакратычны рух. Гэта аслабляе суб’ектнасць Аляксандра Лукашэнкі і ўмацоўвае дэмакратычны рух, бо мы можам вырашаць праблемы на ўзроўні дзяржавы”.
Поўную размову з Валерам Кавалеўскім глядзіце на Еўрарадыё.