Кэмеран дамагаецца ад ЕС прыняцця санкцый супраць расійскай "абаронкі"
Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран выступае за пашырэнне санкцый супраць Расіі ў адказ на яе дзеянні ва Украіне.
І для іх прыняцця ён збіраецца аказваць ціск на Еўрасаюз. РІА "Новости" адзначае, што гаворка ідзе пра ўзгадненне шэрагу перашкодаў для экспарту ваеннага абсталявання, а таксама пра абмежавальныя меры ў адносінах асобаў і кампаній, якія аказваюць матэрыяльную падтрымку тэрарыстам ва ўсходніх абласцях Украіны.
Учора адбылася тэлефонная гутарка Дэвіда Кэмерана і расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Прэм'ер Вялікабрытаніі заявіў, што ў выпадку, калі Расія хоча "зваліць віну на іншых" за збіты над Украінай пасажырскі самалёт (амаль 300 ахвяраў), яна павінна прадаставіць пераканаўчыя і праўдзівыя доказы. Пакуль жа доказы сведчаць пра тое, што самалёт збілі прарасійскія баевікі.
Прэзідэнт Расіі прасіў не рабіць "палітызаваных" заяваў да заканчэння расследавання абставінаў збіцця Boeing 777 кампаніі "Malaysia Airlines".
Фота — ria.ru