Кэтрын Эштан заклікае Беларусь увесці мараторый на смяротную кару
Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах выказала шкадаванне з нагоды чарговага смяротнага прысуду, вынесенага нядаўна Мінскім абласным судом.
Пра гэта гаворыцца ў камюніке прэс-службы кіраўніцы еўрапейскай дыпламатыі, распаўсюджаным увечары 19 снежня ў Брусэлі, перадае interfax.by. Эштан спадзяецца, што права на абскарджанне будзе цалкам ажыццёўлена. У дакуменце адзначаецца, што Эштан разумее сур'ёзнасць злачынстваў, за якія быў асуджаны прысуджаны. Тым не менш, яна лічыць, што "смяротнае пакаранне ніколі не можа быць апраўдана".
Еўрапейскі саюз выступае супраць вышэйшай меры пакарання пры любых акалічнасцях. Прэс-служба Эштан адзначае, што смяротная кара з'яўляецца жорсткім і нялюдскім пакараннем, якое не ў стане дзейнічаць як стрымальны фактар для злачыннасці.
Кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі заклікала Беларусь, адзіную краіну ў Еўропе, якая ўжывае дагэтуль смяротнае пакаранне, далучыцца да глабальнага мараторыя на такую меру. І гэты мараторый павінен стаць першым крокам да поўнай адмены смяротнай кары.
Як паведамляла Еўрарадыё, нядаўна стала вядома, што 53-гадовага Эдуарда Лыкава асудзілі на смерць за 5 забойстваў.
Фота — Reuters