Кіраўніцтва БелАЭС: Інфармацыя пра вялікі пажар не адпавядае рэчаіснасці
Прэс-служба Беларускай АЭС выступіла з абвяржэннем інфармацыі пра пажар у электрашчытавой аварыйнай сістэмы абароны рэактара.
Звесткі пра гэта з'явіліся ўдзень 25 красавіка. Актывіст Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Уласевіч паведаміў у СМІ, быццам 17 лютага на Беларускай АЭС праводзіўся выпрабавальны запуск абсталявання аварыйнай сістэмы абароны рэактара. Пры гэтым у электрашчытавой адбыўся вялікі пажар, які пашкодзіў дарагое абсталяванне.
Пазней у каментары Еўрарадыё прэс-служба МНС паведаміла, што на станцыі адбылося кароткае замыканне сілавога кабеля. Але пажару не было, і дапамога ратавальнікаў не спатрэбілася.
На БелАЭС таксама кажуць, што 17 лютага ў 13.20 там адбылося кароткае замыканне на часовым сілавым кабелі. Кабель забяспечваў падачу электрычнасці ў вежавы кран і быў пракладзены на вонкавай бетоннай сцяне аднаго з будынкаў. Пры кароткім замыканні была пашкоджаная ізаляцыя кабеля без далейшага гарэння.
"Дадзенае здарэнне было расследавана генеральным падрадчыкам і заказчыкам з удзелам МНС у вызначаным парадку. Інфармацыя пра нібыта "вялікі пажар" з пашкоджаннем значнай колькасці дарагога абсталявання не адпавядае рэчаіснасці", — гаворыцца ў заяве прэс-службы БелАЭС.
Таксама на АЭС заяўляюць, што ніякага выпрабавальнага запуску абсталявання аварыйнай сістэмы абароны рэактара не праводзілася. Сістэмы бяспекі энергаблока цяпер яшчэ толькі мантуюцца.