Кіраўніцтва Мінгарвыканкама не дазволіла чапаць помнікі за грудзі (дакумент)
Моладзевыя актывісты з грамадскага аб'яднання "Нэкст стоп — Нью лайф" звярнуліся ў Мінгарвыканкам, каб узгадніць акцыю "Рукамі чапаць", прызначаную на 15 кастрычніка. Акцыя прымеркаваная да Сусветнага дня барацьбы з ракам малочнай залозы.
Каб звярнуць большую ўвагу, актывісты меркавалі правесці акцыі ў Міхайлаўскім скверы сталіцы і каля Камароўскага рынку. Аб'ектамі акцыі мусілі стаць жаночыя скульптуры.
Аднак чыноўнікі Мінгарвыканкаму не дазволілі правесці такую акцыю. Афіцыйную адмову падпісаў намеснік старшыні Мінгарвыканкаму Ігар Карпенка.
У дакуменце, які актывісты апублікавалі ў сацсетках, гаворыцца: "Мінгарвыканкам падтрымлівае мерапрыемствы, прымеркаваныя да Сусветнага дня барацьбы з ракам малочнай залозы.
Па пытанні выкарыстання гарадскіх скульптур пры правядзенні акцыі "Рукамі чапаць!" інфармуем, што архітэктурна-мастацкае вырашэнне кожнага твора манументальнага мастацтва з'яўляецца цэльнай кампазіцыйнай задумай аўтара.
У сувязі з гэтым выкарыстанне гарадской скульптуры як трэнажора па тэхніцы правядзення самадыягностыкі захворванняў лічым некарэктным".
Фота: facebook.com