Кіраўнік Беларусі падпісаў дэкрэт пра кіраўнікоў

15 снежня Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт №5 "Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый".

Як інфармуе БЕЛТА, дакумент накіраваны на выкараненне безгаспадарчасці, умацаванне вытворча-тэхналагічнай, працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, а таксама спыненне фактаў працаўладкавання нядобрасумленных кіраўнікоў на новую кіруючую пасаду.

Так, на кіраўнікоў арганізацый дзяржаўнай і прыватнай формаў уласнасці дэкрэтам ускладаецца персанальная адказнасць за забеспячэнне вытворча-тэхналагічнай, выканальніцкай і працоўнай дысцыпліны, належнае ўтрыманне будынкаў, памяшканняў і абсталявання, захаванне ўмоў працы работнікаў. Калі кіраўнік не выканае гэтыя патрабаванні, яго прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці аж да звальнення. Гэтыя дадатковыя крытэрыі ацэнкі работы кіраўніка будуць ўлічвацца пры яго атэстацыі і пры прыняцці рашэння аб працягу з ім кантракту.

Разам з тым дэкрэт дае кіраўнікам дадатковыя правы. У прыватнасці, кіраўнікі арганізацый атрымаюць права змяняць істотныя ўмовы працы работніка ў сувязі з абгрунтаванымі вытворчымі, арганізацыйнымі або эканамічнымі прычынамі. Пры гэтым яны будуць абавязаныя папярэдзіць работніка не менш чым за 7 каляндарных дзён (цяпер — за месяц).

Кіраўнік зможа пазбаўляць прэміі работнікаў, якія парушылі дысцыпліну, — на тэрмін да 12 месяцаў (цяпер мерамі дысцыплінарнага спагнання з'яўляюцца заўвага, вымова і звальненне).

Таксама кіраўнік арганізацыі зможа неадкладна адхіляць работнікаў ад працы ў выпадку здзяйснення імі дысцыплінарных праступкаў, якія прывялі да або здольных пацягнуць прычыненне арганізацыі шкоды. Гэтая мера дазволіць аператыўна спыніць любое парушэнне дысцыпліны і, такім чынам, не аплачваць перыяд, на працягу якога работнік быў адхілены ад працы.

Кіраўніку дадуць права звальняць работнікаў за парушэнне дысцыпліны, якое прынесла для арганізацыі шкоду ў памеры, большым за тры сярэднемесячныя заробкі па краіне. На сёння гэта каля 19 млн рублёў. Таксама кіраўнік зможа ўтрымліваць з работніка за шкоду да трох яго сярэднямесячных заробкаў без падачы пазову ў суд (цяпер — адзін сярэднямесячны заробак).

Таксама ў дакуменце агаворваюцца іншыя дадатковыя правы і абавязкі кіраўнікоў.

Дэкрэт набывае моц з 1 студзеня 2015 года.

Фота — president.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі