Генсек NATO заклікаў Расію спыніць падтрымку баевікоў на Данбасе
Генеральны сакратар NATO Енс Сталтэнберг заклікаў Расію спыніць падтрымку баевікоў на Данбасе. Пра гэта кіраўнік альянсу заявіў 9 ліпеня на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам па выніках пасяджэння Камісіі Украіна-NATO ў Варшаве.
Сталтэнберг: “Мы настойваем на выкананні Мінскіх пагадненняў — штодня там (на ўсходзе Украіны — Еўрарадыё) гінуць людзі. Мы заклікаем Маскву да спынення фінансавай і ваеннай падтрымкі сепаратыстаў. Усе бакі павінны выконваць пагадненні і працаваць у кірунку пошуку дыпламатычнага рашэння”.
У сумеснай заяве, прынятай па завяршэнні паседжання Камісіі Украіна-NATO, адзначалася, што лідэры краін NATО і Украіны заклікаюць Расію паўплываць на баевікоў.
У сваю чаргу прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка усклаў на Расію адказнасць за тое, што Мінскія пагадненні не выконваюцца. Ён таксама заявіў, што расійская агрэсія можа быць спыненая толькі за кошт вяртання Крыма Украіне.
Парашэнка: “Мы абмяркоўвалі “крымскае пытанне”. Я яшчэ раз хочу нагадаць, што расійская агрэсія пачалася з акупацыі Крыма, і яна можа быць спыненая толькі за кошт дэакупацыі. Акупацыя Крыма павінна быць спынена ў кароткія тэрміны і як мага хутчэй. Гэта агульныя абавязацельствы краін NATО змяніць агрэсіўныя паводзіны Расіі шляхам санкцыяў супраць яе”.
NATО заклікае Расію перагледзіць рашэнне аб незаконнай і нелегітымнай анексіі Крымскага паўвострава, якую альянс не прызнае цяпер і не стане прызнаваць у будучыні. Асаблівую занепакоенасць саюзнікаў па блоку выклікаюць запалохванне і дыскрымінацыя ў дачыненні да крымскіх татараў і іншых меншасцяў.
Па словах Пятра Парашэнкі, пытанне аб чаленстве Украіны ў NATО пакуль не стаіць на парадку дня, і яго будзе вырашаць народ краіны пасля завяршэння рэформаў.
Раней было абвешчана, што неўзабаве пасля варшаўскага саміту адбудзецца пасяджэнне Савета NATО-Расія.