Кіраўнікоў БелаПАН вінавацяць у "стварэнні экстрэмісцкага фармавання"
Дырэктарцы інфармагенцтва БелаПАН Ірыне Леўшынай і экс-кіраўніку кампаніі Дзмітрыю Наважылаву выставілі новыя абвінавачанні — у "стварэнні экстрэмісцкага фармавання", перадае Радыё "Свабода". За гэта пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.
Леўшыну і Наважылава затрымалі 18 жніўня — нібыта за "арганізацыю масавых беспарадкаў" (арт. 342 Крымінальнага кодэксу). Пазней Следчы камітэт заявіў, што іх вінавацяць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў (арт. 243 КК).
Таксама абвінавачанне ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання выстаўленае медыяменеджару Андрэю Аляксандраву — пэўны час ён працаваў намеснікам дырэктара БелаПАН. Яго трымаюць за кратамі з 27 студзеня 2021 года. Аляксандрава таксама вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў (арт. 342), ухіленні ад выплаты падаткаў (арт. 243), здрадзе Радзіме (арт. 356).
БелаПАН — найстарэйшае ў Беларусі незалежнае інфармацыйнае агенцтва, якое дзейнічала з 1991 года. А 1 лістапада 2021 года КДБ прызнаў яго экстрэмісцкім фармаваннем.
Заснавальнік БелаПАН Алесь Ліпай памёр 23 жніўня 2018 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.