Колькасць дзяржправерак знізіцца больш чым удвая

У 2010 годзе колькасць праверак кантрольнымі і нагляднымі органамі ў параўнанні з 2008 годам знізіцца больш чым удвая. Пра гэта паведаміў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Зянон Ломаць.
Паводле яго слоў, каардынацыйны план кантрольнай дзейнасці на першае паўгоддзе наступнага года ўключае правядзенне амаль 37 тысяч праверак. Для параўнання: у першым паўгоддзі 2008 года было больш за 100 тысяч праверак, перадае БелаПАН.

Нагадаем, з новага года набывае моц прэзідэнцкі ўказ № 510. Згодна з ім планавыя праверкі будуць праводзіцца некалькімі кантрольнымі і нагляднымі органамі толькі сумесна. Правядзенне некалькіх планавых праверак на працягу каляндарнага года выключаецца.

Акрамя таго, аб'яўлены двухгадовы мараторый на праверку новага прадпрыемства або прадпрымальніка. За нязначныя эканамічныя памылкі і пралікі кантралёры караць не будуць, адзначыў Ломаць. Не будзе пакарання і ў выпадку пакрыцця шкоды на працягу трох працоўных дзён.

Кіраўнік КДК падкрэсліў, што на прадпрыемствы і арганізацыі, якія выкарыстоўваюць бюджэтныя сродкі, дзяржмаёмасць і дзяржпадтрымку, дзеянне ўказа № 150 не распаўсюджваецца, праверкі іх дзейнасці нават будуць узмоцнены.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі