Колькі грошай беларускія ўдзельнікі “Еўрабачання” трацілі на конкурс
12 траўня Айван прадставіць Беларусь у другім паўфінале "Еўрабачання-2016". Ён выканае песню "Help You Fly", а ў нумары будуць модныя цяпер 3D галаграмы з ваўкамі. Праўда, нягледзячы на папярэдні піяр (аголены Іваноў з жывымі жывёламі на сцэне, прастрэл рукі, раман з тэлезоркай Настассяй Самбурской) і рэпетыцыі ў "Эрыксан-Глоб", падчас якіх букмекеры карэктуюць свае рэйтынгі, прагнозы для маладога музыкі па-ранейшаму несуцяшальныя. Згодна з імі, ён не пройдзе ў фінал конкурса:
Сам Айван падчас невялікай прэс-канферэнцыі ў Твітары кажа, што не супраць апынуцца ў топе букмекерскіх рэйтынгаў, аднак цяпер удзельнікаў "Еўрабачання" меркаванні кантор мала хвалююць:
.@janushshka #AskIVAN pic.twitter.com/o0kgNj66yw
— IVAN (@ivan_eurovision) 11 мая 2016 г.
Нумар беларускага ўдзельніка на "Еўрабачанне-2016" рыхтаваўся ў Маскве ў прадзюсарскім цэнтры Віктара Дробыша, які "патрануе" Айвана. Белтэлерадыёкампанія, адзіны сябра Еўрапейскага вяшчальнага саюза ў Беларусі, пачынаючы з 2012 года займаецца толькі арганізацыйнымі пытаннямі, датычнымі паездкі прадстаўніка Беларусі на конкурс, аплачвае яго пражыванне і праезд. Старшыня журы беларускага адбору Аляксандр Ціхановіч мяркуе, што з аднаго боку, Белтэлерадыёкампанія такім чынам дае магчымасць выканаўцам і прадзюсарам разварушыцца, з іншага — у нейкім сэнсе здымае з сябе адказнасць за сам нумар:
"Магчыма, тут адбіўся перыяд крызісу, таму яны, натуральна, таксама эканомяць. Што ж рабіць? З іншага боку, гэта таксама сучасны падыход, у шоу-бізнесе ўсё магчымае... Выканаўцы, калі заяўляюць сябе на конкурс, разумеюць, што для яго патрэбныя грошы. Таму яны ў першую чаргу знаходзяць ці спонсара, ці грошы. Сёлета з грашыма быў не толькі Айван. Была і Napoli, і іншыя выканаўцы. Але нельга казаць, што выбар удзельніка ад Беларусі кіруецца грашыма".
Праўда, не толькі ў Беларусі артысты робяць свае нумары і запісваюць песню без дзяржаўнай падтрымкі. Напрыклад, пераможца "Еўрабачання-2004", украінка Руслана, каб паехаць на "Еўрабачанне", у свой час заклала кватэру. Яе калега Святлана Лабада ў 2009 годзе ўвогуле прадала кватэру, аднак у выніку заняла толькі 12 месца ў фінале.
Але Белтэлерадыёкампанія ўсё ж можа зрабіць выключэнне і "спрадзюсаваць" артыста ў выпадку, калі той спадабаецца яе кіраўніцтву. Адзіным на сёння такім выканаўцам у 2014 годзе стаў Тэа (Юрый Вашчук).
"На той момант у Юрыя не было прадзюсара, да таго ж, ён быў вядучым праграмы "Наперад у мінулае", ён для нас свой, родны, — тлумачыць прэс-сакратар Белтэлерадыёкампаніі Святлана Краскоўская-Смалонская. — Таму Белтэлерадыёкампанія ўзяла на сябе не толькі арганізатарскія, але і прадзюсарскія функцыі, і дастаткова паспяхова з імі справілася".
Колькі грошай каштавалі песня і нумар Тэа, які заняў 16-е месца ў фінале конкурсу, Святлана не ведае. Мінулагодні беларускі прадстаўнік "Еўрабачання" Юзары называе свой удзел, а таксама ўдзел Тэа ў конкурсе самымі бюджэтнымі ў гісторыі прысутнасці нашых артыстаў на сцэне фестывалю. Музыка кажа, што не выдаткаваў на свой нумар нават 10-ці тысяч долараў. Маўляў, ехаў не за перамогай, а паглядзець на працэс:
"У нас не было сваёй графікі. Касцюмы былі абсалютна простыя, без нейкіх дзікіх формаў і тканін. Усё было проста, лаканічна, і сама ідэя была накіраваная на чалавечы рэсурс. Калі і былі патрачаныя нейкія грошы, то толькі на прома. Мы траціліся толькі на тое, што патрэбнае. Ні на што больш".
У выніку "бюджэтны" дуэт Юзары і Маймуны ў фінал не прайшоў. Праўда, гэтак жа не прайшла ў фінал у 2005 годзе і Анжаліка Агурбаш, удзел якой у "Еўрабачанні", па чутках, абышоўся ў пяць мільёнаў долараў (практычна ўсе грошы выдаткаваў экс-муж спявачкі).
Анжаліка Агурбаш, 2005 год — 5 мільёнаў долараў. 13 месца ў паўфінале
"3+2", 2010 год — 1 мільён долараў. 24 месца ў фінале
Алёна Ланская, 2013 год — 1 мільён долараў. 16 месца ў фінале
Дзмітрый Калдун, 2007 год — 250 тысяч долараў. 6 месца ў фінале
Litesound, 2012 год — 200 тысяч долараў. 16 месца ў паўфінале
Юзары і Маймуна, 2015 год — менш за 10 тысяч долараў. 12 месца ў паўфінале
Ці зможа пратэжэ Віктара Дробыша Айван паўтарыць подзвіг пратэжэ Філіпа Кіркорава Дзмітрыя Калдуна, які з 2007 года з'яўляецца самым паспяховым беларускім артыстам на "Еўрабачанні", не вядома. На сёння нумар Айвана не выглядае дарагім ці неардынарным, а прома-кампанія — актыўнай і цікавай. У колішнім інтэрв'ю Дзмітрый Калдун заўважыў, што беларускім артыстам, якія імкнуцца на "Еўрабачанне", варта сур'ёзна ставіцца да справы:
"Калі грошай няма, знайдзі сабе спонсара. А калі грошы ёсць, то няма чаго жлабіцца... Мне пашанцавала. У мяне былі інвестыцыі з боку Філіпа Кіркорава, быў рэжысёр, была ідэя. З нашага боку было выдаткавана ад 120 тысяч долараў. Што тычыцца Белтэлерадыёкампаніі, яны ўклалі прыкладна столькі ж".