Кожны дзясяты пасажыр лоўкоставых рэйсаў у Літве — беларус

За год заробак беларуса знізіўся з 566 да 398 долараў.

Еўрарадыё на выставе “Адпачынак-2015” высвятляе ў турфірмаў, ці паўплывала дэвальвацыя на жаданне беларусаў адпачыць.

Прадстаўніца кампаніі “АэраБелСэрвіс” кажа, што цяпер, у перыяд ранняга браніравання, продажы знізіліся на 20%. Гэта пры тым, што цэны на гатэлі і пералёты сталі крыху меншымі. Калі, напрыклад, раней авіяпералёт каштаваў 400 долараў, цяпер — 350.

Прадстаўніца “Інтэр Холідэй Сэрвіс” таксама прызнае зніжэнне продажаў ранняга браніравання. Хоць туры і патаннелі за кошт падзення еўра. На пытанне, якія туры сталі больш папулярнымі ў гэты час, адказваюць так:

“Кароткія аўтобусныя туры ў Еўропу, на выходныя, на 5-6 дзён. Тыя, якія каштуюць па 150-170 еўра.”

Аднак многія турыстычныя кампаніі гавораць, што продажы тураў засталіся на мінулагоднім узроўні ці знізіліся нязначна. Напрыклад, прадстаўніца “Наталі-тур”, што спецыялізуецца на іспанскім напрамку, распавядае, што продажы ідуць на ўзроўні мінулагодніх:

“Зацішша было толькі ў лістападзе-снежні. А як толькі адкрылі ранняе браніраванне ў студзені, продажы пайшлі актыўна. У мяне ўсё добра прадаецца!”

Супрацоўнік кампаніі “Холідэй-Трэвэл” кажа, што скарачэнне продажаў зусім невялікае. Самымі папулярнымі краінамі, як і ў мінулым годзе, засталіся Турцыя, Іспанія, Грэцыя, Балгарыя.

Рэдактарка газеты “Турызм і адпачынак” Лілія Кобзік мяркуе, што на рынку сапраўды ёсць тэндэнцыя зніжэння продажаў. І прычынаў, з якіх адны яго фіксуюць, а іншыя не, можа быць шмат. Напрыклад, тут можа быць элемент піяру:

“Можа быць, у вялікіх кампаніяў ёсць пэўны элемент піяру. Проста не жадаюць паказваць адмоўныя тэндэнцыі, каб не збіць хаця б той градус, які цяпер ёсць на рынку”.

Тым часам, паводле звестак віленскага аэрапорта, 10% усіх пасажыраў лоўкоставых авіякампаній, якія ў 2014 годзе лёталі праз Літву, маюць беларускія пашпарты. Таксама беларусы складалі прыблізна 3-5% усёй плыні пасажыраў літоўскіх аэрапортаў.

Ці мяняюць беларусы турфірмы на лоўкосты і букінгі?

Лілія Кобзік мяркуе, што гэта ўстойлівая тэндэнцыя апошніх гадоў. Адток ад карыстання турпакетамі ў бок самастойнага браніравання мае месца.

Колькасць людзей, якія сыходзяць у самастойныя падарожжы, павялічваецца пастаянна. Павялічыцца яна і сёлета. Але наколькі гэта залежыць ад нашых складаных эканамічных умоваў, сказаць складана. Мяркую, прамой залежнасці няма,” адзначае рэдактар, і дадае, што хутчэй гэта адбываецца дзякуючы развіццю тэхналогіяў і нізкім цэнам.

Прадстаўніца “АэраБелСэрвіс” мяркуе, што бюджэтныя авіякампаніі не канкурэнты для яе турфірмы. Бо напрамкі гэтых кампаніяў не супадаюць з кірункамі турыстычнай фірмы.

“Туды, куды лётаюць лоўкосты, не лётаем мы. Напрыклад, на ўзбярэжжа Турцыі — у Анталію, Бодрум, Мармаіс — нам скласці канкурэнцыю могуць толькі кампаніі, што лётаюць з Масквы і Кіева”.

Супрацоўніца “Наталі-тур” кажа, што, магчыма, узровень продажаў трымаецца праз тое, што іх авіякампаніяй з’яўляецца іспанская Vueling:

“Мы прывялі сюды некалькі гадоў таму іспанскую бюджэтную авіякампанію Vueling. І цяпер нашыя пералёты толькі з імі. За кошт гэтага пакеты атрымліваюцца таннейшымі”.

Фота: backpackerjam.com, aviasistemos.lt

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі