"Крамбамбуля" выдае апошні альбом і сыходзіць у лясы партызаніць
Прэзентацыя пласцінкі "Чырвоны штраль" пройдзе ў Вільні 7 лістапада. Наведвальнікі атрымаюць бясплатную візавую падтрымку.
Праект Лявона Вольскага "Камбамбуля" збіраецца выпусціць свой апошні альбом, пасля чаго спыніць дзейнасць.
Пласцінка "Чырвоны штраль" атрымала назву ў гонар культавай віленскай кавярні пачатку XX стагоддзя, дзе збіралася інтэлігенцыя, у тым ліку беларуская. Сярод гасцей былі Янка Купала і браты Луцкевічы. Ёсць звесткі, што ў 1916 годзе менавіта там адбылася знакавая сустрэча Луцкевічаў з прадстаўнікамі польскіх і літоўскіх колаў, пасля якой браты вырашылі імкнуцца не да аднаўлення Рэчы паспалітай ці Вялікага Княства Літоўскага, а да незалежнай Беларусі, абвешчанай з іх удзелам у 1918 годзе пад сцягам БНР.
"Альбом "Чырвоны штраль" — гэта фантасмагорыя, у якой змяшалася мінулае, сучаснае і будучае Беларусі, адлюстраваныя з уласцівымі "Крамбамбулі" гумарам і іроніяй. Гэта апошні альбом гурта, пасля чаго мы сыдзем у лясы партызаніць. Іншых варыянтаў існавання ў сучасных умовах мы не бачым", — распавядае Лявон Вольскі.
Прэзентацыя альбома "Чырвоны штраль" запланаваная на 7 лістапада ў віленскай канцэртнай зале Compensa. Пасля яе гурт прыпыніць дзейнасць. Канцэрт ахопіць новы матэрыял і лепшыя песні "Крамбамбулі". Беларусам, якія набудуць квіткі, арганізатары абяцаюць бясплатную візавую падтрымку.
Квіткі каштуюць ад 620 тысяч да 1 мільёна 100 тысяч.