Крымінальную справу на галоўрэда БелаПАН Леўшыну закрылі
Галоўны рэдактар інфармагенцтва БелаПАН Ірына Леўшына выведзеная з-пад крымінальнай адказнасці па "справе БЕЛТА". Пра гэта ў сацсетках паведаміла журналістка інфармагенцтва Таццяна Каравянкова, якая таксама праходзіла па гэтай справе.
Як удакладняе tut.by, Леўшына прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці. Яна заплаціла штраф — 735 рублёў (30 базавых велічынь). Цяпер па "справе БЕЛТА" яна праходзіць як сведка. З яе знялі падпіску аб нявыездзе і забарону на выезд з краіны. Акрамя таго, Леўшынай вярнулі жорсткія дыскі, забраныя ў жніўні пры ператрусе ў яе дома, а таксама пры ператрусе ў рэдакцыі БелаПАН.
Дарэчы, крымінальную справу на Леўшыну закрылі ў яе дзень нараджэння.
Такім чынам, абвінавачанай застаецца толькі галоўны рэдактар партала tut.by Марына Золатава. У адрозненне ад іншых абвінавачаных па гэтай справе, яе вінавацілі не ў несанкцыянаваным доступе да камп'ютарнай інфармацыі, а ў бяздзейнасці службовай асобы.
Нагадаем, што на пачатку жніўня ў офісах tut.by і БелаПАН адбыліся ператрусы, быў затрыманы шэраг журналістаў і рэдактараў. Іх абвінавацілі ў несанкцыянаваным доступе да платнай падпіскі на навіны дзяржаўнага інфармагенцтва БЕЛТА. Абвінавачанымі па "справе БЕЛТА" праходзілі 15 чалавек. Паступова з усіх іх здымалі крымінальную адказнасць і каралі адміністрацыйна — вялікімі штрафамі.