“Кулаком, у якім у вас вазелін?” Як ідзе суд па нападзе на гітарыста “Ляпісаў”
У Партызанскім судзе Мінска судзяць абвінавачванага ў нападзе на гітарыста “Ляписа Трубецкого” Руслана Уладыку. Музыка ўжо паўгода ляжыць у коме. На лаве падсудных па справе аб яго збіцці — 37-гадовы Сяргей Ш.
Увечары 6 ліпеня 2019 года гітарыста “залатога складу” гурта “Ляпис Трубецкой” знайшлі збітым у непрытомным стане побач з барам на мінскай вуліцы Солтыса. Уладыку шпіталізавалі, яму зрабілі некалькі аперацый. З таго часу ён знаходзіцца ў коме.
3 студзеня падчас судовага пасяджэння суддзя агучваў вынікі судова-медычных экспертыз. Сярод пабояў і траўмаў, якія медыкі выявілі на целе Уладыкі, закрытая ЧМТ, пераломы костак чэрапа, кровападцёк левага вока, ірваная рана ніжняй губы, драпіна ў патылічнай вобласці, гематомы, драпіна ў вобласці лакцявога сустава. Усе яны “ўзніклі як мінімум ад 4 траўмавальных уздзеянняў цвёрдым прадметам”.
Сяргей Ш. падчас суда сядзіць у клетцы. У прасторнай зале прысутнічае не больш за 10 чалавек. Гэта сястра Руслана Уладыкі Святлана, маці музыкі, а таксама “група падтрымкі” абвінавачванага. Калі я фатаграфую яго, яны спрабуюць давесці, што гэтага рабіць нельга. Канваіры падтрымліваюць іх, але на маю заўвагу, што судовае пасяджэнне яшчэ не пачалося, ім сказаць няма чаго.
Сяргей Ш. не адмаўляе, што паміж ім і Русланам Уладыкам быў п’яны канфлікт. Аднак абвінавачваны сцвярджае, што нанёс пацярпеламу толькі адзін удар — кулаком у вока, пасля чаго той зваліўся на зямлю. Маўляў, да астатніх пабояў ён не мае ніякага дачынення.
— Гэта тым кулаком, у які ў вас запампаваны вазелін? — удакладняе суддзя.
— Так, — адказвае мужчына. Раней Сяргей Ш. быў неаднаразова судзімы за хуліганства, рабаванне, збіццё.
У судзе выступае маці абвінавачванага. Па сутнасці справы яна нічога не ведае, але кажа, што Сяргей Ш. — добры і любімы сын.
— Але яму 37 гадоў. За свае дзеянні адказвае сам, — нечакана дадае жанчына. Што адбылося пасля нападу з Русланам Уладыкам, яна не ведае. Не ведае нават, жывы ён ці не.
Сяргею Ш. інкрымінуюць наўмыснае нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Калі яго віна будзе даказаная, яму пагражае да 8 гадоў пазбаўлення волі.
У судзе абвешчаны перапынак. На наступным пасяджэнні плануецца праглядзець запісы з камер відэаназірання. Магчыма, тады стане больш зразумела, што менавіта адбылося з Русланам Уладыкам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.