Лазавік: Кожны з-за мяжы нешта для сябе і сям’і прывязе, я і сам так раблю

Каб выехаць за мяжу, неабходна будзе заплаціць пэўную пошліну. “Гэта будзе так: мы цябе на мяжы абслугоўваем, плаці 100 долараў з носа і едзь за мяжу", — патлумачыў свае планы Аляксандр Лукашэнка 5 верасня. Як да гэтай ідэі ставяцца чыноўнікі, высвятляе Еўрарадыё.

Член Савета Рэспублікі Ігар Марзалюк не бачыць нічога дрэннага ва ўвядзенні пошліны на выезд за мяжу.

Ігар Марзалюк: “А што тут такога?! Калі вы затарваецеся фундаментальна, калі вы не проста набылі пляшку каньяку добрага ў duty free ці яшчэ што-небудзь, а валачэце торбы, ну, як гэта называецца? Гэта называецца ўвоз тавараў лёгкай прамысловасці ці яшчэ чаго з мэтай рэалізацыі на рынках. Гэта бізнес? Бізнес! Пошліна мусіць быць!”

Тым больш, што такія “прадпрымальнікі” ў бюджэт нічога не плацяць, але ж і медыцынай бясплатнай карыстаюцца, і грамадскім транспартам, і камунальнымі паслугамі, падтрымлівае сенатара сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік. Таму, лічыць, прапанова правільная. Каб толькі “правільна” потым прымянялі.

Мікалай Лазавік: “Кожны, хто выязджае за мяжу, хаця б дробны сувенір прывязе. А для сябе, для сваёй сям’і — нешта з адзення, з радыё- і электраапаратуры можна прывезці. Ды, я і сам так езджу. Як разумна прасачыць, пракантраляваць і выдзеліць менавіта тых, для каго гэтыя паездкі за мяжу з камерцыйнай мэтай сталі ўжо бізнесам?”

Бо скіраваная ж гэтая ідэя кіраўніка краіны не супраць камандзіраваных ці звычайных турыстаў, а менавіта супраць шопінг-бізнесменаў, дадае дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вадзім Дзевятоўскі.

Вадзім Дзевятоўскі: “А для тых людзей, якія едуць адпачыць, правесці час, я ўпэўнены, што дзяржава да гэтага не дойдзе. Тых жа, хто гэтым зарабляе, відаць — у іх праштампаваны пашпарт, яны туды-сюды ганяюць! Калі ж ён так зарабляе, то няхай бы пошліну плаціў, чаму не?!”

Намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Андрэй Тур прызнаецца, што знаходзіцца ў адпачынку і… нічога пра ініцыятыву кіраўніка краіны нават не чуў!

Андрэй Тур: “Нават не ведаю, пра што ідзе размова — не быў тут у гэты час, не ведаю”.

Каментаваць тое, што не чуў з першакрыніцы, не лічыць магчымым.

Першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Пётр Грушнік прызнаецца, што асабіста ён за мяжой рэчы не набывае — толькі на радзіме. Апошні раз у камандзіроўцы за мяжой быў тры гады таму, тэма пошліны яму ўвогуле не цікавая.

Пётр Грушнік: “Я не ведаю, што гэта такое, у якім выглядзе яна будзе. Вось, калі пра яе раскажуць, што гэта будзе, хто гэта будзе плаціць, каму і на што гэты будзе выкарыстана, тады можна будзе казаць, разумнае рашэнне ці не”.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі