Лекары напісалі ліст кіраўніку прафсаюзаў: аб лекарскай маралі і Арцёме Сарокіне

Арцём Сарокін падчас суда / Reuters
Арцём Сарокін падчас суда / Reuters

Лекары мінскіх медустаноў збіраюць подпісы пад зваротам да кіраўніка прафсаюза медыцынскіх работнікаў Вячаслава Шыла. Падставай для звароту стаў прысуд лекару-анестэзіёлагу Арцёму Сарокіну па справе аб "0 праміле".

Сарокіна разам з журналісткай TUT.BY Кацярынай Барысевіч прызналі вінаватымі ў разгалошванні медыцынскай таямніцы. У артыкуле, які стаў падставай для крымінальнай справы, ішла гаворка аб тым, што загінулы пасля затрымання на "Плошчы Перамен" Раман Бандарэнка быў цвярозы. Аляксандр Лукашэнка і іншыя чыноўнікі тым часам сцвярджалі адваротнае, гаварылі, што Бандарэнка быў п'яны. Суд прысудзіў Кацярыне Барысевіч 6 месяцаў пазбаўлення волі і штраф у 100 базавых велічынь(2900 рублёў), а Арцёму Сарокіну — 2 гады калоніі з адтэрміноўкай пакарання на год.

Аўтары звароту не просяць прафсаюзнага функцыянера даць прававую ацэнку рашэнню суда, яны заклікаюць ацаніць сітуацыю з пункту гледжання медыцынскай этыкі.  

"Адкажыце як кіраўнік арганізацыі, закліканай абараняць медыкаў, як лекар і як чалавек: ці правільна Арцём Сарокін паступіў з пункту гледжання медыцынскай маралі, ратуючы гонар забітага чалавека?" — гаворыцца ў звароце. За суткі зварот ужо падпісалі больш за 430 чалавек, паведамляе TUT.BY.

Гэта лекары і медработнікі сталічных клінік, шэрагу РНПЦ, гарадскога анкадыспансера, Мінскай абласной бальніцы, МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі і іншых медустаноў. На дадзены момант збор подпісаў працягваецца у электроннай форме.

Врачи написали письмо главе профсоюзов — о врачебной морали и Артёме Сорокине
Подпісы пад зваротам да кіраўніка прафсаюзаў медработнікаў / TUT.BY

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі