Лінас Лінкявічус: Ніхто не плануе праводзіць рэформы за Беларусь
Ізаляцыя Беларусі з боку Еўрасаюза сябе не апраўдала. Такое меркаванне на прэс-канферэнцыі 5 студзеня выказаў кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус.
Дыпламат заявіў, што ЕС мае агульную стратэгію наконт Беларусі, і Літва ўплывае на фармаванне гэтай стратэгіі. "Раней было чаканне і назіранне за тым, што будзе. А яшчэ раней — будаўніцтва сцен і наогул ізаляцыя, што наўрад ці сябе апраўдала. Бо гэтая ізаляцыя, як паказвае практыка, абмяжоўвае не функцыяванне краіны, а абмяжоўвае сваё ўздзеянне, магчымасць для кантактаў. І мы даказалі, што кантакты і наша ўздзеянне насамрэч далі пэўны вынік. І гэта частка стратэгіі — крыху раскрыцца, даць пэўную матывацыю для зменаў, аслабіць трохі сродкі ціску, умоўна — гэта таксама частка стратэгіі", — перадае ru.delfi.lt словы Лінкявічуса.
Разам з тым літоўскі міністр падкрэсліў, што ніхто не плануе нічога рабіць за Беларусь, у тым ліку праводзіць за яе рэформы і выбіраць шлях развіцця. Але ёсць надзея, што беларуская дзяржава будзе мяняцца ў выніку кантактаў і супрацоўніцтва з заходнімі краінамі.
Лінкявічус паведаміў, што Арменія, якая ўвайшла ў Мытны саюз, хоча стварыць спецыяльнае пагадненне з ЕС. Ёсць такі намер, па яго словах, і ў Беларусі. На яго думку, такі варыянт не выключаны: "Любая форма, якая пасуе нашым суседзям мець зносіны з ЕС, гаварыць, знаходзіць агульныя інтарэсы, асабліва з умовай не забываць важнейшыя прынцыпы і каштоўнасці дэмакратыі, не вяртацца да гвалту, што мы ўжо бачылі і не хочам, каб гэта паўтарылася. Гэта ўмова, а ўсё астатняе — частка стратэгіі, працэс".
Фота: delfi.lt