Літоўская чыгунка скасавала кантракт з тэрміналам Клайпеды за абыход санкцый
Клайпедскі тэрмінал / rupec.ru
Літоўская чыгунка скасавала кантракты з дзвюма клайпедскімі кампаніямі за іх неаднаразовыя спробы абысці санкцыі, уведзеныя супраць афіцыйнага Мінска. Пра гэта піша zerkalo.io са спасылкай на BNS.
Гэта клайпедскія кампаніі Uosto vartai і Birų Cargo Terminalas (BKT, па-беларуску — тэрмінал насыпных грузаў). Дырэктар па ўстойлівасці Літоўскай чыгункі Эдвінас Керза паведаміў, што гэтыя кампаніі ўжо двойчы спрабавалі абысці санкцыі супраць афіцыйнага Мінска. Па яго словах, кампаніі атрымалі папярэджанне, што іх дзейнасць несумяшчальная з нацыянальнай бяспекай і ўяўляе велізарную рызыку для рэпутацыі Літоўскай чыгункі. Ён дадаў, што чыгунка аўтаматычна скасоўвае дамову з любым партнёрам, якога паўторна заўважаюць у спробе абысці санкцыі.
У 2013 годзе "Беларуськалій" набыў 30% Клайпедскага тэрмінала BKT за 30 мільёнаў долараў. Да ўвядзення санкцый праз Клайпедскі порт на караблі грузілі каля 10-11 мільёнаў тон угнаенняў "Беларуськалію" за год.
У выніку санкцый Беларусь страціла доступ да партоў краін Балтыі. Літва з 1 лютага 2022 года перастала прапускаць у Клайпеду беларускія цягнікі з калійнымі ўгнаеннямі. Ужо праз месяц BKT паведаміў, што плануе звольніць амаль усіх работнікаў, бо тэрмінал прастойвае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.