Лукашэнка даручыў Качанавай падрыхтаваць перафарматаванне спорту да 30 траўня
На працоўнай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай 22 траўня ішла гаворка пра беларускі спорт. Кіраўнік дзяржавы даручыў завяршыць перафарматаванне ў гэтай сферы да Алімпійскага сходу, прызначанага на 30 траўня.
Па словах Лукашэнкі, якія перадае яго прэс-служба, спартыўную галіну чакае змена кадраў: "Пытанне перафарматавання спорту. Асабліва кадраў. Прытым не толькі федэрацый, але і дзяржаўных структур, Мінспорту і гэтак далей. Тут калі мы скончым? Пажадана, каб мы да 30 траўня скончылі гэты працэс. Таму што на гэты дзень, як я разумею, прызначаны Алімпійскі сход".
Ён даручыў Качанаваў падрыхтаваць усебаковы аналіз працэсаў, якія адбываюцца ў спартовай галіне і падкрэсліў, што спорт — сфера ідэалагічная. "Я гэтае пытанне вам даручаю для кантролю, таму што гэта галоўнае ідэалагічнае пытанне. Мы ніколі гэтага не хавалі. Найгалоўная ідэалогія — гэта спорт. Спаборніцтвы спартыўныя глядзяць мільёны. Гэта ўздзеянне на людзей. І калі дрэнна гуляе каманда, такое і настрой у людзей, добра — гэта натхняе".
Таксама Лукашэнка згадаў новага старшыню Федэрацыі хакея Сямёна Шапіру. "Нядаўна абралі Сямёна Шапіра кіраўніком федэрацыі. Яму трэба пачынаць працаваць з першых дзён. Вельмі вялікую працу давядзецца правесці. Я прасіў, каб яго папярэдзілі, што ў нагрузку мы яму дамо буйное дзяржаўнае даручэнне. Нейкі выражам блок для кантролю. Досвед яго трэба выкарыстоўваць", — патлумачыў кіраўнік Беларусі.