Лукашэнка — пра дзедаўшчыну: "Гэта войска, гэта было заўсёды"

Лукашэнка — пра дзедаўшчыну: "Гэта войска, гэта было заўсёды"

Дзедаўшчына ў войску была заўжды. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам падчас наведвання палігона ў Івацэвіцкім раёне, перадае БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы заступіўся за прэстыж войска, які праз такія, нібыта, адзінкавыя факты апускаюць настолькі, што людзі пачынаюць баяцца войска. "Добрае ў нас войска, не без гэтых рознага роду праблем, як у Печах былі падзеі. Гэта войска, гэта было заўсёды", — заявіў ён.

Лукашэнка падкрэсліў, што войска ад пачатку было створанае для вайны і вучэнняў. "А што было б ў Беларусі, калі б недзе загінулі 25 беларускіх грамадзян? Мы б, напэўна, на вушы ўсталі і гвалтам крычалі. Бо не бывае так, каб у ваюючым войску не гінулі людзі", — параўнаў ён. 

Кіраўнік дзяржавы згадаў, што гібель вайскоўцаў на вучэннях здаралася нават у савецкія часы. Ён заявіў, што быў сведкам, як на такіх вучэннях у Віцебскай вобласці снарад пайшоў не належнай траекторыяй і трапіў у БТР: загінулі восем чалавек. 

Разам з тым ён заявіў, што гэта не апраўданне падзеям у Печах. "Брыдка тое, што ў нас ёсць, хай і адзінкавыя, факты дзедаўшчыны. У мяне ўсярэдзіне ўсё пераварочваецца. Таму што, калі я служыў у памежных войсках, мы наогул не ведалі, што такое дзедаўшчына", — прызнаўся беларускі кіраўнік. 

Дзедаўшчыну ён назваў непрымальнай. "Дзедаўшчына, калі здзекуюцца з чалавека, — гэта ганьба войска. Гэта мы будзем выпальваць калёным жалезам. Міністру абароны і ўсім ім я сказаў пра гэта", — прыгразіў кіраўнік дзяржавы.

Аднак гібель вайскоўцаў ён назваў недапушчальнай, але непазбежнай у любым войску ў свеце. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі