Лукашэнка пра выбары: "Лукашэнкі прыходзяць і сыходзяць, будуць іншыя"
Аляксандр Лукашэнка 2 ліпеня выступіў з прамовай на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Незалежнасці. Кіраўнік Беларусі з 26-гадовым стажам не змог абмінуць тэму сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў:
“9 жніўня без аніякага шкадавання... Не трэба глядзець на Лукашэнку, на тое, што ён наш, з намі быў… Шкадаванне — нам не саюзнік. Вы павінны, як у народзе кажуць, узяць галаву ў рукі, падумаць і вырашыць пытанне. Лукашэнкі прыходзяць і сыходзяць, будуць іншыя, ён (Лукашэнка) не вечны. А жыццё на гэтым кавалку зямлі павінна працягвацца”.
Лукашэнка прапануе перад выбарамі адкінуць усе эмоцыі, на якіх спрабуюць грацца (хто менавіта, ён не удакладніў).
“Сёння выкарыстоўваюць так званыя новыя тэхналогіі: інтэрнэт і падобнае. Мы павінны паказаць, што мы, беларусы, добра разбіраемся ва ўсялякіх хітрасляценнях інтэрнэтаўскіх. Мы павінны годна прыйсці гэты перыяд, а вы без аніякага шкадавання павінны вызначыцца, з кім будзеце жыць і як будзеце будаваць сваю сувярэнную і незалежную краіну для сваіх дзяцей”, — сказаў Лукашэнка.
Да прэзідэнцкіх выбараў, якія для Лукашэнкі стануць шостымі, застаецца крыху больш за месяц. За кратамі знаходзяцца ўжо два прэтэндэнты ў прэзідэнты Сяргей Ціханоўскі і Віктар Бабарыка. Яшчэ для аднаго з фаварытаў выбарчай гонкі Валера Цапкалы змаганне за статус кандыдата ў прэзідэнты фактычна скончанае. Учора ЦВК прызнаў сапраўднымі 75 тысяч сабраных за яго подпісаў (для рэгістрацыі патрэбна 100 тысяч).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.