Лукашэнка — Саркісяну: Беларусы хочуць ведаць праўду пра сітуацыю ў Арменіі
Увечары 25 красавіка адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі і прэзідэнта Арменіі Армена Саркісяна. Як падкрэслівае БЕЛТА, ініцыятыва размовы сыходзіла з армянскага боку.
У прэс-службе Лукашэнкі кажуць, што армянскі прэзідэнт падрабязна распавёў пра цяперашнююю сітуацыю ў краіне і пацвердзіў, што яна застаецца складанай. Таксама Саркісян падрабязна распавёў пра гісторыю канфлікту, сітуацыю ў парламенце і кансультацыі, якія ён цяпер праводзіць з парламенцкімі кааліцыямі.
Паведамляецца, што кіраўнікі абедзвюх дзяржаваў пагадзіліся на тым, што Канстытуцыю парушаць не можа ніводзін грамадзянін, асабліва пры фармаванні новага ўрада — усё павінна быць у рамках Асноўнага закона краіны.
Кіраўнікі дзяржаў узгаднілі графік далейшых дзеянняў і дамовіліся працаваць у кантакце. Таксама Лукашэнка і Саркіся дамовіліся накіраваць у Арменію групу журналістаў, каб асвятляць падзеі ў гэтай краіне. "Беларусы хочуць ведаць праўду пра сітуацыю ў Арменіі", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Дарэчы, на афіцыйным сайце армянскага прэзідэнта ўвечары 25 красавіка паведамляецца толькі аб размове з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. На сайце беларускага кіраўніка таксама пакуль што паведамленне пра гэтую размову не з'явілася.