Лукашэнка сустрэўся з прафесарам з ЗША, які напісаў пра яго кнігу (відэа)
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што для ацэнкі сённяшняй сітуацыі ва Усходняй Еўропе важная ацэнка "з боку".
У панядзелак, 12 студзеня, Аляксандр Лукашэнка сустрэўся ў Мінску з прафесарам Рэдфардскага ўніверсітэта (ЗША), аўтарам некалькіх кніг аб Беларусі Рыгорам Іофе. Лукашэнка адзначыў, што для ацэнкі сённяшняй сітуацыі ва Усходняй Еўропе важны погляд аб'ектыўнага і неабыякавага эксперта "з боку". Такім ён якраз лічыць Рыгора Іофе.
Лукашэнка: "Дзякую за ўсё тое, што вы робіце для нашай Беларусі. Для нас гэта вельмі каштоўна, асабліва ў гэты востры перыяд няпростых узаемаадносінаў. Не толькі нашых адносінаў з Захадам, але і ўзаемаадносінаў усіх дзяржаваў, размешчаных ва Усходняй Еўропе".
Адзначым, што напярэдадні ў праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1" Іофе прадставілі, як "аўтара новай кнігі пра Аляксандра Лукашэнку". Ён казаў пра тое, што "Лукашэнку недаацэньваюць, яго не вельмі добра разумеюць". Яму падаецца, што кіраўнік Беларусі — гэта "вылучэнец з беларускага грамадства".
Фота: БЕЛТА